Міліцыя абвергла інфармацыю пра завядзенне крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў


Абноўлена. Прэсавы сакратар менскай гарадской міліцыі Аляксандр Ластоўскі абверг інфармацыю пра тое, што нібыта распачатая крымінальная справа паводле заявы кіраўніцтва ТАА «Белрэканструкцыя» аб нанясенні маёмасці арганізацыі стратаў з боку грамадскіх актывістаў.

«Так, кіраўніцтва гэтага ТАА «Белрэканструкцыя« звярнулася з заявай аб нанясенні стратаў іх маёмасці. Гэтак разумею, што гаворка ідзе пра плот, якім абнесеная будоўля. Так, па гэтым факце праводзіцца праверка ў Савецкім РУУС, але крымінальная справа не заводзілася. Тое, што кіраўніцтва арганізацыі кажа пра крымінальную справу – як я разумею, магчыма, гэта з прычыны невалодання юрыдычнымі дэталямі. Першапачатковыя праверачныя мерапрыемствы ўжо праведзеныя, туды выязджалі супрацоўнікі, аглядалі, што здарылася. Але праверка працягваецца. Яна даручаная Савецкаму РУУС», – сказаў Аляксандр Ластоўскі ў каментары «Радыё Свабода».


Карэспандэнт «Белсату», які быў на месцы забудовы, паведамляе, што працаўнікі міліцыі ўжо апытвалі будаўнікоў адносна сутыкненняў з актывістамі. Іх паказанні могуць стаць асноваю крымінальнага пераследу.

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН спасылаючыся на дырэктара ААТ «Белрэканструкцыя» паведамляе, што крымінальная справа заведзеная «па факце нанясення стратаў у буйным памеры». Справу завялі 21 лютага.

Сёння актывісты, што бароняць Курапаты ад забудовы, перадалі зварот намесніку старшыні гарвыканкаму ды спадзяюцца на прыпыненне будаўнічых працаў.

«Тут відавочныя махінацыі і карупцыйная схема, – лічыць сустаршыня БХД Павел Севярынец, – Таму мы і перадаем Шорцу гэты зварот, улада мае разабрацца і спыніць будоўлю. Зараз людзі з голымі рукамі ідуць супраць будаўнічай тэхнікі, могуць быць ахвяры, няшчасныя выпадкі. Хто возьме на сябе адказнасць за гэта?!»

Чаму бароняць Курапаты?

20 лютага актывісты і будаўнікі пабіліся. Будаўніцтва офіснага цэнтру адбываецца за некалькі дзясяткаў метраў ад урочышча Курапаты – месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, гэта сталася прычынаю для пратэсту.

Замоўца будаўніцтва – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кіпрэканструкцыя», будуе таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белрэканструкцыя».

Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі распавядаў «Белсату», што будаўніцтва звязанае з махінацыяй: паводле дакументаў офісны цэнтр паўстане ў Першамайскім раёне, у той час як зямля прыпісаная да Савецкага раёну сталіцы.

З жыхарамі мікрараёну «Зялёны луг» ніхто будаўніцтва не ўзгадняў, людзі абураныя і ўжо сабралі некалькі соцень подпісаў супраць новай пабудовы.

Тым часам дырэктар фірмы, што будуе бізнес-цэнтр ля Курапатаў, заявіў, што не згодны за абвінавачваннымі ў тым, што вядзецца “будоўля на касцях”.

«Ёсць інжынерныя вышуканні абʼекта, пад зямлёй на глыбіню ў 5 метраў там зарытыя сеці пад усім участкам. Нават калі б там нешта знайшлі, геалагічныя вышуканні паказваюць, што там закапанае смецце з будаўніцтва жылых дамоў, што побач», – заявіў “Белсату” дырэктар «Белрэканструкцыі» Сяргей Несцераў.

МЛ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў