Супраць «Газеты Слонімскай» завялі справу за знявагу Лукашэнкі


Недзяржаўнаму выданню можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў за «распаўсюд заведама ілжывых звестак, што зневажаюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – паведамляе Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Падставай для справы стаў артыкул «Голас з вёскі. Галоўнае, што размаўляць прэзідэнт умее добра» у рубрыцы «Выбары-2015».

Публікацыя ўяўляла з сябе апытанне жыхароў адной з вёсак у Слонімскім раёне на тэму выбараў. Які фрагмент артыкулу стаў нагодай для завядзення справы, галоўнаму рэдактару Віктару Валадашчуку не паведамілі. Ён у сваю чаргу заявіў міліцыянтам, што не гатовы пакуль даваць тлумачэнні з нагоды справы.

Бадай, найбольш крытычны фрагмент матэрыялу – гэта абзац, у якім аўтарка артыкулу падсумоўвае апытанне. «Аляксандр Лукашэнка за 20 гадоў свайго праўлення стварыў у краіне вертыкальную мадэль кіравання, пры якой усе выбары, рэферэндумы, прызначэнні кіраўнікоў адбываюцца пад кантролем уладаў. То-бок так, як выгадна ўладзе, а не народу», – гаворыцца ў публікацыі.

Калі справа дойдзе да суда і рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў (90 мільёнаў рублёў).

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў