Сумныя старонкі гісторыі: ля берагоў Гараднічанкі знайшлі камяні з габрэйскімі надпісамі


Знаходкі ў Горадні аскепкаў камянёў з таямнічымі знакамі прыадчынілі яшчэ адну сумную старонку гісторыі…

На берагах Гараднічанкі, невялічкай рэчкі, якая цячэ паўз Горадню і ўпадае ў Нёман, адмыслоўцы нярэдка знаходзяць і манеты, і гузікі, і рэшткі керамікі з мінулых часоў. Аднак зусім нядаўна адзін з шукальнікаў выцягнуў на бераг некалькі камянёў з надпісамі на …ідыш. І гэта, як апынулася, далёка не першы выпадак.

«Гэта аскепкі мацаваў, жыдоўскіх надмагілляў, – тлумачыць гісторык Янка Лялевіч, – а паходзяць яны найверагодней з жыдоўскіх могілак на вул. Траецкай, якія зруйнавалі немцы падчас вайны. Дарэчы, гэтыя могілкі – найстарэйшыя з жыдоўскіх у Горадні і могуць памятаюць яшчэ Вітаўта».

Зараз на месцы могілак дзіцячы садок, банк і аўтастаянка. Большасць камянёў паслужылі… для будоўляў падчас нямецкай акупацыі. Адшліфаваныя камяні былі ідэальным матэрыялам для прыступак і ходнікаў, паводле педантычнай нямецкай логікі.

Цікава, што могілкі на Траецкай, на якіх перасталі хаваць у ХІХ ст. былі закінутымі ўжо ў 30-я гады. Тады габрэйская грамада гораду скардзілася ў магістрат, што на могілках мясцовыя жыхары граюць у азартныя гульні, а таксама выкарыстоўваюць іх як спартовую пляцоўку. А некаторыя «вандалы» – нават «ладзяць оргіі»… Невядома, ці прыслухаліся да скаргаў чыноўнікі, але самім моглікам было наканавана прастаяць пасля гэтага зусім не доўга.

…Рэшткі мацаваў, якія гарадзенцы сёння знаходзяць у даліне Гараднічанкі, якая цячэ акурат за вуліцай Траецкай, энтузіясты акуратна прыносяць і кладуць каля ўваходу ў харальную сінагогу. Гэта мажліва сімвалічны, але знак павагі да народу, які ўжо паўтысячы год жыве побач з намі.

АК, belsat.eu

Фота аўтара і http://supron-licvin.livejournal.com/

Стужка навінаў