МУС пра справу кіраўніка Браслаўскага раёну: Сума хабараў склала амаль 28 тыс. еўра


Агульная сума хабараў, якія сістэматычна атрымліваў старшыня Браслаўскага райвыканкаму Уладзімір Дранеўскі з красавіку 2016 года па травень 2018 года, склала амаль 28 тысяч еўра. Таксама ў хабарніцтве падазраецца ягоная жонка і ягоны намеснік. Пра гэта паведамляецца на сайце МУС Беларусі.

Адзначаецца, што кіраўнік Браслаўскага раёну быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС.

«Устаноўлена, што з красавіка 2016 года па травень 2018 года кіраўнік раёна сістэматычна атрымліваў хабар за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Сума незаконнага ўзбагачэння склала не менш 27,9 тыс. еўра. Мужчына дзейнічаў пры дапамаганні сваёй жонкі – начальніка аддзелу эканомікі Браслаўскага райвыканкаму, якая таксама затрыманая», – адзначаюць у МУС.

Акрамя гэтага, праваахоўнікі маюць дадзеныя, што Дранеўскі на працягу апошніх двух гадоў незаконна прысвоіў частку налічаных працаўнікам выканкаму прэміяў, а таксама перавышаў свае службовыя паўнамоцтвы пры ажыццяўленні закупак таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў.

Уладзімір Дранеўскі. Фота vitvesti.by

«Супрацоўнікамі ГУБАЗіК таксама затрыманы намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкаму, які ў перыяд з красавіка 2016 года па студзень 2018 гады атрымаў ад грамадзяніна хабар у суме 6,3 тыс. еўра за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю», – адзначаюць у МУС.

Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь у дачыненні да старшыні выканкаму распачатыя крымінальныя справы па ч.3 арт.430 КК ( «Атрыманне хабару») і ч.3 арт.426 КК ( «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»), яго жонкі і намесніка старшыні – па ч.3 арт.430 КК.

Пра затрыманне Дранеўскага ўчора паведамілі незалежныя СМІ. Сёння інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце.

Уладзімір Дранеўскі ўзначаліў Браслаўскі раён у студзені 2015 года, да гэтага ён кіраваў унітарным прадпрыемстваў «Жыллёва-камунальная гаспадарка» у Чашніках.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў