Юрыю Рубцову прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму


Актывіста з Гомля, які адбывае паўтара года «хіміі» ў спецкамэндатуры вёскі Куплін Пружанскага раёна, прызналі вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання. Юрый Рубцоў лічыць прысуд несправядлівым і будзе яго абскарджваць. 

Па версіі дзяржабвінавачвання, палітвязень адмовіўся працаваць на працах, якія яму прапаноўвала адміністрацыя папраўчай установы, за што атрымаў некалькі вымоў і папярэджанне аб крымінальнай адказнасці. Сам актывіст кажа, што яму не загадвалі, а прапанавалі працу. Таму ён не адмаўляўся, а патрабаваў даць яму працу з заробкам не меней за абяцаныя прэзідэнтам 600 долараў на месяц – што адпавядае сярэднестатыстычнаму паказчыку па краіне.

Судзілі актывіста ў судзе Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці. Ён галадваў больш за 50 дзён і скончыў галадаваць у нядзелю. 27 траўня Юрый Рубцоў з’явіўся на першы дзень суду аголены па пояс, на грудзях у яго выбітая татуіроўка «Лукашэнка, сыходзь». Сёння актывіст прыйшоў на суд у кашулі з бел-чырвона-белай стужкай. 

Падчас сваёй апошняй прамовы Рубцоў кажа, пра тое, што афіцыйна працуе з 16 гадоў, а неафіцыйна з 12-ці. Яму ніводнага разу на рукі не выдавалі накіравання на працу, а проста забіралі і везлі ў нейкую гаспадарку. Міліцыянт патрабаваў падпісваць нібыта добраахвотную дамову. Таксама ён паведаміў, што яму пагражалі  турмой, калі  не пагодзіцца на працу. Рубцоў хацеў даць дадатковыя тлумачэнні пра свае погляды, але суддзя яго спыніў.

6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года, падае партал naviny.by.

Рубцова абвінавацілі ў абразе суддзі суда Савецкага раёну Менску Кірылы Палулеха, які вёў у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 у Менску (арт. 391 КК). Тады Рубцова затрымалі за майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць праз нізкі заробак. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэдняй зарплатай па краіне (600 долараў у эквіваленце). Гэта і стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы.

Перад судом Юры Рубцоў утрымліваўся ў следчым ізалятары гораду Баранавічы. Палітвязень трымае галадоўку, якую пачаў 6 красавіка ў знак пратэсту супраць выстаўленых яму абвінавачванняў (больш за 50 дзён). Абедзве крымінальныя справы Рубцоў лічыць сфабрыкаванымі. У пачатку траўня актывіст заявіў пра намер перайсці на сухую галадоўку, калі суд над ім будуць праводзіць у закрытым рэжыме.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і «Беларускі Хельсінкскі камітэт» у сумеснай заяве патрабуюць вызвалення Юрыя Рубцова і перагляду ягонай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору.

Першы дзень суду

16:10Пракурор адзначыў рэцыдыў  наўмыснага злачынства і просіць пакараць Рубцова 2,5 года калоніі, дадаць непагашаны тэрмін і ў агульнай складанасці – 3 гады  калоніі агульнага рэжыму.

Разглядае справу Рубцова, узбуджаную па артыкуле 415 Крымінальна кодэксу («ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі»), суддзя Мікалай Рэпіха, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае гэтым артыкулам, – пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

На працэс палітвязень прыйшоў без майкі з татуіроўкай на грудзях «Лукашэнка, сыходзь». Суддзя зрабіў заўвагу, што без майкі ў судзе знаходзіцца не можна. Рубцоў адказаў, што раней яго судзілі напаўаголеным (пасля затрымання за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь») і ніхто на гэта не звяртаў увагі. Суддзя сказаў, што згодна з нормамі этыкету, трэба знаходзіцца ў зале суда ў вопратцы. На працэсе забаранілі рабіць фоты і весці відэазапіс.

На працэс прыбылі жонка і сын Рубцова, журналісты і актывісты з Менску. Некаторыя з іх таксама апранулі майкі «Лукашэнка, сыходзь».

МЯ, паводле spring96.org, naviny.by

Стужка навінаў