Судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Дзень другі


30 ліпеня ў менскім Доме правасуддзя распачаўся разгляд так званай «справы прафсаюзаў». На лаве падсудных – лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік. Belsat.eu вядзе жывы блог з другога паседжання па рэзананснай справе.

У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 1 жніўня.

15:40 Наступным дае паказанні сведка Русін Уладзімір, супрацоўнік заводу «Палімір» з Наваполацку. Сябра Беларускага незалежнага прафсаюзу выклікалі ў СК на пачатку года. Адзначыў, што за мяжу ніколі з чальцамі РЭП не ездзіў, пра рахунак у Літве нічога не чуў.

«На допыце мне паказалі дакументы з сумамі, якія нібыта выдзяляліся мне. Я ўбачыў там подпіс, але гэта быў не мой. Я ж ніякага дачынення да гэтых грошай не маю. Мне цікава: гэта фаташоп ці што?»

15:20 Сведка Леанід Міхейчыкаў, сябра РЭП, на пытанне пракурора, ці атрымліваў ён грошы ў валюце і ці распісваўся ў касавых ордарах, адказаў: «Не, гэта нейкія смешныя паперкі». Ён сказаў, што бываў ў Вільні з Федынічам і Комлікам, але там ён займаўся выключна шопінгам. Калі дакладна гэта было – не памятае. Паводле яго словаў, яму не паведамлялася пра мэты паездкі кіраўнікоў РЭП. Міхейчыкаў кажа, што ніколі не правозіў для іх грошы праз мяжу і не атрымліваў такіх прапановаў.

Міхейчыкау таксама распавёў, што РЭП дапамог яму аформіць шэнгенскую візу – скласці і падаць дакументы.

14:55 Смірнова: «РЭП – адзіная арганізацыя, якая дапамагае чалавеку працы. Гэта не падабаецца ўладам і менавіта таму мы тут апынуліся». Яна зачытала свае пісьмовыя паказанні.

«Калі мяне дапытваў следчы, было адчуванне, што мяне дапытваюць як чальца арганізаванай злачыннай групоўкі. Я дакладна ведаю, што ані Фядыніч, ані Комлік не давалі нікому заданняў правозіць грошы праз мяжу».

Смірнова адзначыла, што падчас допытаў па справе РЭП у рэгіёнах следчыя аказвалі жорсткі псіхалагічны ціск на чальцоў прафсаюзу. Зала сустрэла яе заяву апладысментамі.

14:54 Паседжанне аднавілася. Паказанні дае сведка Галіна Смірнова, сябар прафсаюзу з 2011 года. Старшыня бабруйскай гарадской арганізацыі сцвярджае, што не атрымлівала матэрыяльнага ўзнагароджання за сваю працу.

13:19 Вольга Ісакава, супрацоўніца Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта, паведаміла ў судзе, што ніхто прафсаюзу РЭП не рэгістраваў «замежную фінансавую дапамогу». У судзе абвешчаны перапынак да 14:30.

12:52 Паказанні дае сведка Мікалай Пахабаў. Да 2015 года ён працаваў у РЭП кіраўніком рэгіянальнай філіі па Менскай вобласці і гарадской барысаўскай філіі. Распавёў, што ніколі не бачыў сродкаў, якія давалі замежныя спонсары. За мяжу (Украіна, Расея, Літва) ён ездзіў на семінары з калегамі.

«Ніхто нічога не даваў мне, нічога я не перавозіу і мне не прапаноувалі», – кажа сведка.

12:03 Сведка Ала Фядыніч, жонка Генадзя Фядыніч адмовілася даваць паказанні адносна мужа. Яна дадала

«Я ганаруся гэтым чалавекам, сваім мужам», – заявіла ў судзе Ала Фядыніч.

У судзе абвешчаны перапынак на 10 хвілін.

12:02 Наступны сведка – Ілля Дабратвор. Сведчыць, што па справе яму нічога не вядома. Ён быў сябрам прафсаюзу, выконваў абавязкі прадстаўніка РЭП па Менскай вобласці. Пакінуў РЭП падчас апошніх парламенцкіх выбараў праз канфлікт з Фядынічам, звязаны з дакументацыяй. На пытанне, ці ўдзельнічаў або быў арганізатарам паездкі за мяжу, Дабратвор адказаў, што сам не ездзіў, але аднойчы парэкамендаваў кандыдатуру Дзмітрыя Шэвеля, кіраўніка Лагойскай філіі РЭП, для паездкі ў Данію. Таксама Дабратвор распавёў, што ажыццяўляў інфармацыйную падтрымку мерапрыемстваў РЭП у Беларусі. Заробку за сваю працу ён не атрымліваў, толькі падаваў заяўку ў прафсаюз на выдзяленне яму матэрыяльнай дапамогі (у Дабратвора шматдзетная сям’я).

«Фядыніча я магу ахарактыразаваць, як крыху аўтарытарнага, жорсткага кірауніка, але ў нашай аўтарытарнай краіне, ведаеце..», – сказаў Дабратвор.

Сведка сцвярджае: з 2011 па 2012 год (перыяд абвінавачвання) ён не меў справаў з прафсаюзам.

Як і ў выпадку папярэдняга сведкі, паказанні Дабратвора адрозніваюцца ад ранейшых. Раней ён нібыта заявіў, што атрымліваў ад Комліка ў офісе РЭП грошы ў еўра і беларускіх рублях у якасці штомесячнай узнагароды за сваю працу – дапамогу ў арганізацыі замежных паездак.

Дабратвор: «Такія паказанні я не даваў, я казаў прыблізна тое, што кажу сёння на судзе»

11:28 Пратакол першага допыту Герасіменкі (сведка) ад 02.08.17 (у дзень затрымання) істотна адрозніваецца ад ягоных сённяшніх паказанняў: «Вяртаючыся з семінараў у Вільні, я прыкладна 8 разоў вазіў грошы на патрэбы прафсаюзу, суму не пералічваў. Мне іх перадавалі Комлік і Фядыніч. У Менску я вяртаў канверт ім жа». Тады ж Герасіменка нібыта назваў яшчэ некалькі прозвішчаў калег, якія такім жа чынам вазілі грошы. Сярод іх – Юхнавец, Пичужкіна.

Пракурор: Вы давалі гэтыя паказанні?

Герасіменка: Так, але я… змаладушнічаў. Там была напісаная няпраўда і пазней я патрабаваў ў следчых унесці змены. Я знаходзіўся пад ціскам, усе пытанні мне задавалі ва ўльтыматыўнай форме. Казалі, што не пакіну памяшканне, пакуль не падпішу пратакол, пагражалі выклікаць канвой.

Акрамя таго, раней Герасіменка сцвярджаў, што атрымліваў ад кіраўніцтва РЭП 300 еўра ў канверце штомесяц за сваю працу. Цяпер ён гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

11:01 На пытанне адваката, колькі часу прайшло з моманту затрымання, Герасіменка адказаў: «Гадзіны тры-чатыры, а, можа, і пяць. Я быў упэўнены, што мне прад’явяць крымінальную справу, бо ў дакуменце мяне пазначылі як «падазраванага».

Тады ж Герасіменка падпісаў пратакол, паводле яго, толькі каб выйсці адтуль і падпіску аб неразгалошванні. Другі допыт быў у жніўні, але ўжо ў СК.

Пыталіся, ці перавозіў я канверт з грашыма, я сказаў, што не не перадаваў грошы з-за мяжы«. Толькі аднойчы Герасіменка атрымаю кампенсацыю выдаткаў на транспарт пасля працоўнай камандзіроўкі, але гэта не было ўзнагароджаннем.

Топ-навіною ўчорашняга паседжання стала прызнанне галоўнай сведкі па справе ў тым, што яна – агент КДБ.

10:35 Да пачатку паседжання журналісты паспрабавалі паразмаўляць з Юліяй Юхнавец, але тая адмовілася. «Я ўсё скажу на судзе», заявіла яна.

Сёння ў Генадзя Фядынiча дзень народзінаў. Перад паседжаннем яго з апладысментамі павіншавалі паплечнікі. Сёння суд працягвае заслухваць сведкаў – 4 асобы.

Першым выступіў пенсіянер Мікалай Герасіменка. Ён быў прэс-сакратаром Беларускай Партыі працоўных, у РЭП да 2016 г. займаўся інфармацыйнай працай. 2 жніўня 2017 яго затрымалі, адвезлі ў офіс РЭП і запатрабавалі адчыніць кабінеты ды паказаць дакументы. Потым яго 12 гадзін дапытвалі ў Дэпартаменце фінансавых раследаванняў.

«Следчыя казалі: ты цяпер адсюль не выйдзеш, калісь, мы ж побач. Пыталіся, ці ездзіў я за мяжу і колькі разоў. Для мяне гэта было як абухом па галаве», – распавёў Герасіменка.

Пры гэтым Герасіменка быў у статусе падазраванага. Сёння ён заявіў, што паездкі за мяжу (Літва, Швецыя) былі на семінары. «Я туды не ездзіў за грашыма» – падкрэсліў сведка.

***

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня 2017 году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы. Комліка і Фядыніча затрымалі, у іх дамах таксама адбыліся ператрусы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе на наступны дзень, а Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай да 2 кастрычніка 2017 году.

Следства па справе доўжылася амаль год. За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюзу РЭП. Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.

Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

Праваабаронцы і журналісты адзначаюць, што «справа прафсаюзаў» вельмі падобная на справу, якую распачалі ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Тады Бяляцкага прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі, а міжнародная супольнасць прызнала яго палітвязнем.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў