Судовы канвеер над удзельнікамі маршаў «недармаедаў» і журналістамі. Онлайн


Суды над журналістамі і ўдзельнікамі акцыяў пратэсту супраць Дэкрэту №3 прайшлі сёння ў Воршы, Гомлі і Менску.

Арышты

У Воршы суддзя Таццяна Рыбакова пасля разгляду справу Паўла Севярынца вынесла рашэнне пакараць чальца БХД 15 соднямі арышту.

Актывісту Вячаславу Касінераву, якога затрымалі пасля акцыі анархістаў 12 сакавіка, калі тыя накінулі пятлю на шыю помніку царскаму гарадаваму, далі 15 содняў арышту. Намінальна Касінерава пакаралі, аднак, не за акцыю з помнікам, а за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў», які прайшоў 17 лютага. Вячаслава прызналі вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах.

Акрамя таго Касінераву выдалі пастанову аб затрыманні па падазрэнні ў «апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці» – артыкуле 341 КК РБ.

Праваабаронца Васіль Бераснёў (Беларускі Хельсінкскі камітэт) атрымаў 14 содняў. Учора ў ягонай хаце прайшоў ператрус.

У судзе Цэнтральнага раёну Гомля 13 сакавіка былі асуджаныя Віктар Рубцоў і Максім Філіповіч. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, які адбыўся ў Гомлі 19 лютага.

Актывіст Віктар Андрэеў за ўдзел у акцыі «недармаедаў» атрымаў 13 содняў. На мітынгу супольнасць абрала Андрэева як прадстаўніка грамадскасці на перамовах з уладамі.

Андрэй Юркоў з Горак, кандыдат у дэпутаты на апошніх выбарах, атрымаў у Воршы 2 содняў арышту пасля ўдзелу ўва ўчорашняй акцыі.

Штрафы

У Воршы пастановаю суддзі Ірыны Кохавай вядоўца стрыму «Белсату» Кацярына Андрэева атрымала Br 690 штрафу (30 базавых велічыняў), рэпартэрка радыё «Свабода» Галіна Абакунчык – Br 575 штрафу. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, Кацярыну Андрэева дадаткова – у парушэнні Закону аб СМІ. Журналістак да суда змясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Усяго пад час выканання сваіх прафесійных абавязкаў супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Воршы, Рагачове і Берасці 18 журналістаў і блогераў. Большасць з іх была адпушчаная праз 3 гадзіны.

Рашэннем суду Цэнтральнага раёну Гомля Br 690 штрафу атрымаў мясцовы прафсаюзны лідар Віктар Міхасёў.

Затрыманні

У Бабруйску сёння затрымалі трох удзельнікаў учорашняга пратэсту – былога палітвязня Яўгена Васьковіча, лідара мясцовай суполкі «Грамада» Юрыя Грынявецкага і мясцовую актывістку Інгу Судзілоўскую. Ноч яны правядуць у ізалятары. Суды над імі мае прайсці ў аўторак.

Таксама сёння ў Бабруйску распачаўся суд над Вольгай Аўдзейчык, рэжысёрам Максімам Буйніцкім, актывістамі Максімам Лубінскім і Аляксеям Раманавым, якіх затрымалі раней. Працяг працэсу – у чацвер.

Пад арыштам застаецца актывістка Галіна Смірнова.


«Белсат» правёў відэа- і тэкставую трансляцыю з залы суда ў Воршы.

17:00.

«Аршанцы вырашылі выйсці і заявіць свой пратэст. Улады Воршы замест таго, каб спыніць усялякія паборы з грамадзянаў і прынесці прабачэнні, уключаюць гучную сувязь, каб заглушыць людзей, выклікаецца сюды віцебскі АМАП. Людзі пайшлі спакойна і мірна да райвыканкаму, у нас адабралі мегафон – гэта, хіба, клопат уладаў пра беларускі народ, каб ён не загаварыў гучна», – заявіў Павал Севярынец, раскрытыкаваўшы пры гэтым амапаўцаў за расейскую сімволіку.

16:43. У залу судовых паседжанняў увялі Паўла Севярынца. Міліцыянты не дазваляюць перадаць палітыку ваду.

16:30. Актывіст з Горак Андрэй Юркоў атрымаў 2 содняў адміністрацыйнага арышту. Разгляд сваёй справы чакае сустаршыня БХД Павал Севярынец, а таксама актывіст Ігар Грышанаў. Тым часам стала вядома, што актывісту Вячаславу Касінераву, які накінуў пятлю на шыю помніку гарадаваму, прысудзілі 15 содняў арышту.



Стрым Belsat.eu з суда ў Воршы (2 частка)

16:25. Працэс над Паўлам Севярынцам дагэтуль не пачаўся, хаця пачатак быў прызначаны на 15:00.

16:22. Кацярыне Андрэевай прысудзілі штраф у памеры 5 базавых велічыняў штрафу па адным артыкуле, і 25 базавых велічыняў – паводле іншага.

16:07. Кацярыне Андрэевай стала кепска. У камеры ізалятару цягам содняў яна адмаўлялася ад харчоў.

15:50. Суд над берасцейцам Уладзімерам Асінчанкам перанесены на 10 гадзін раніцы 17 сакавіка, бо сёння ня было сведкаў-міліцыянтаў па ягонай справе. Уладзімер Асінчанка быў затрыманы 10 сакавіка і да сёння знаходзіўся ў пастарунку, цяпер ён адпушчаны да суду. Асінчанку вінавацяць у расклейцы ўлётак з заклікам на масавую акцыю.

15:25. У Бабруйску затрыманаму ў ноч на 11 сакавіка Максіму Лубінскаму прысудзілі 5 содняў адміністрацыйнага арышту, Вользе Аўдзейчык – штраф у 2 базавыя велічыні.

14:50. Нарэшце ўпусцілі ў залу судовых паседжанняў мужа Кацярыны Андрэевай і ейнага адваката. Перад гэтым супрацоўніца суду казала, што ўсё робіцца паводле закону, але выразна патлумачыць, чаму не пускалі да журналісткі ейнага мужа, не змагла.

Супрацоўніца суду

14:40. Студэнт з Берасця Канстанцін Копаць атрымаў 15 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыяванай акцыі.

Стрым Belsat.eu з Воршы (першая частка)

14:35. Міліцыянты завялі ў судовую залу Кацярыну Андрэеву, але не дазволілі нікому, у тым ліку мужу журналісткі, зайсці ўслед.

14:15. Менск. Суд над Вячаславы Касінеравым: акрамя адміністрацыйнай справы (у Цэнтр.судзе разглядаецца зараз) у адносінах да актывіста распачалі крымінальную паводле 339 ч.1 (Маскоўскі РУУС выдаў пратакол). Касінерава затрымалі ў час учорашняй акцыі анархістаў: тыя накінулі зашмаргу на шыю менскаму помніку царскаму гарадаваму.

Міліцыянт, які яго збіваў Касінерава, назваўся Дзмітрыем Паўлавічам Арнаутавым

14:10. Берасневу прызначылі 14 содняў арышту. Вялікі тэрмін актывіст патлумачыў тым, што ўлады сталі баяцца народ.

14:05. Будуць судзіць актывіста з Горак Андрэя Юркова.

13:55. Галіне Абакумчык прысудзілі 25 базавых велічыняў штрафу (575 рублёў) за тое, што яна нібыта перайшла дарогу ў неналежным месцы, удзельнічала ў несанкцыянаваным шэсці. Журналістка кажа, што на прагледжаным відэа не было зафіксавана ніякіх правапарушэнняў з яе боку.

«Гэта акцыя запалохвання журналістаў», – адзначыла Галіна Абакунчык.

13:50. У судзе праглядаюць запіс учорашняй пратэставай акцыі ў Воршы, каб высветліць, ці брала ў ёй удзел Галіна Абакумчык.

13.30. Васіль Бераснёў заявіў адвод суду з тае прычыны, што не давярае беларускаму правасуддзю. Суддзя адвод адхіліў. Бераснеў не адмаўляе ўдзелу ў мітынгу, гаворыць, што выступаў з тлумачэннямі дэкрэту. Але яму замінала музыка на плошчы. Расказвае, што аршанскае кіраўніцтва схавалася ад народа

13:25.

«Гэта быў хапун», – пракаментавала затрыманне Галіна Абакунчык.

Журналістка кажа, што ніхто не прадстаўляўся і не прасіў паказаць дакументы. Міліцыянты 4 гадзіны трымалі яе ў пастарунку, але казалі, што «гэта не затрыманне».

13:15. У залу суда ў Воршы ўвялі журналістку Галіну Абакумчык.

12:30. Актывісту Віктару Міхасёву прысудзілі штраф 30 базавых.

Віктар Міхасёў

12:20. Актывіст Віктар Андрэеў атрымаў 13 содняў арышту.


У Воршы сярод іншых будуць судзіць журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву (пачатак суда а 14:15), якую абвінавачваюць паводле арт. 22.9, 23.34 і 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Таксама будуць судзіць журналістку «Радыё Свабода» Галіну Абакунчык, палітыка Паўла Севярынца (пачатак а 15:00) ды іншых.

За апошнія дні за ўдзел у акцыя пратэсту супраць падатку аб «дармаедах» па ўсёй Беларусі атрымалі каля 50 асобаў.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў