Судовы канвеер. Чацвёрты дзень. Аднаўляецца


У беларускіх судах сёння разглядаюць чарговыя справы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Сведкамі на паседжаннях выступаюць супрацоўнікі АМАПу. У асноўным, затрыманым даюць ад 12 да 15 содняў арышту. Праваабаронцам і журналістам перашкаджаюць патрапіць у залі суда.

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», каментуе, што «парушэнні ў залах суда адныя і тыя ж : пратаколы пад капірку і сведчанні такія ж. Адны і тыя ж сведкі ў Першамайскім судзе сцвярджалі, што яны затрымалі ці не ўсіх і былі ў форме».

«Склалася ўражанне, што некаторыя дармаеды ў Беларусі раптам сталі лаяцца матам, крычаць і размахваць рукамі. А потым непадпарадкоўваліся законным патрабаванням міліцыі».

17:29 Суд Першамайскага раёну Менску разглядаў справу журналісткі Дзіяны Серадзюк. Яе вінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Сведкі падчас суда заявілі пра фальсіфікацыі пратаколаў. У выніку суд прызнаў Дзіяну Серадзюк невінаватай, справа закрытая, піша baj.by.

15:20 Андрэй Навакоўскі, адзін з затрыманых у Цэнтральным судзе, моцна збіты.

Прыехала хуткая дапамога і забрала затрыманага Антона Данілава.

Па інфармацыі ад праваабаронцаў, у судзе Цэнтральнага раёну ў асноўным даюць 12 (6+6) сутак па двум артыкулам 23.4.ч.1 і 23.34 КаАП РБ.

Павал Фадзееў, адзін з затрыманых у Савецкім раёне распавёў, што падчас затрымання яго білі, а таксама не быў складзены пратакол дагляду, і прыватныя рэчы забралі проста так.

15:00 Суды ў Першамайскім раёне скончыліся.

Паводле інфармацыі spring96.org, сёння ў Менску адбываюцца суды над 49 асобамі.

14:00 Асуджаная на 12 содняў Алена Дубовік абʼявіла галадоўку. Яе асудзілі за непадпарадкаванне патрабаванню супрацоўніка міліцыі зняць маску падчас акцыі.

13:30
У судзе Савецкага раёну каля 15 асобаў, спісы пастаянна аднаўляюцца. Судзяць па артыкуле «Непадпарадкаванне патрабаванням службовых асобаў» і «Парушэнне парадку арганізацыі ды правядзення масавых мерапрыемстваў».

Праваабаронца: «Не давалі магчымасці бараніць тых, каго судзяць. Я зайшоў у будынак суда, а потым мне проста не давалі выйсці. Толькі калі я ў прамым эфіры пачаў казаць, каб людзі тэлефанавалі ў »Вясну«, тады яны пачалі мяне адпускаць».

Суддзя абвесціў абед, міліцыянт запатрабаваў пакінуць будынак тых, хто чакаў у калідоры. Журналістам перашкаджалі здымаць і не пускалі ў залі паседжанняў.

Відэа затрымання перад акцыяй

12:40 15, 13, 14 содняў…. Першамайскі суд.

Відэа затрымання 15 сакавіка

Сярод затрыманых былі звычайныя пасажыры тралейбуса, па словах праваабаронцаў.

12:30 У Першамайскім судзе перапынак праз просьбу аднаго з затрыманых пра адваката. Судзяць 11 чалавек па артыкуле 17.1. «Дробнае хуліганства» і 23.4 «Непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы» КаАП.

У Савецкім судзе знаходзіцца больш 10 затрыманых. Па словах актывістаў, што прыйшлі падтрымаць затрыманых, міліцыянты выганяюць іх з памяшкання суда, пагражаюць, здымаюць на камеру.

11:50 Карэспандэнт Belsat.eu перадае з суда Першамайскага раёну Менску, што судзяць людзей, якія не былі на ўчорашняй пратэставай акцыі і якія трапілі пад хапун у пераходзе на Акадэміі навук у Менску. Адна студэнтка распавядае, што ішла хворая ў аптэку за лекамі, судзяць і іншых дзеўчын, што не ўдзельнічалі ў маршы. Дзяўчатам даюць па 13 содняў, «выпадковым» (якія таксама не ўдзельнічалі) хлопцам – па 15.

Яўгену Дзяткоўскаму далі 15 содняў.

11:00 У суд Цэнтральнага раёну Менску даставілі 24 затрыманых, справы прыкладна 10 асобаў будуць разглядаць у Першамайскім раённым судзе Менску, 9 асобаў – у Савецкім судзе. Спісы аднаўляюцца.


Суды адбудуцца ў Менску, Магілёве ды Горадні, будуць разглядацца адміністрацыйныя справы, заведзеныя за ўчорашнія «Маршы недармаедаў».

Паводле праваабаронцаў, учора па ўсёй Беларусі затрымалі больш за 50 асобаў. Некаторыя адпусцілі праз некалькі гадзін, але на большую частку склалі пратаколы правапарушэнняў. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыя без апазнавальных знакаў, якія не паказвалі пасведчанняў, ужывалі грубую фізічную сілу і нават слезацечны газ.

Пратэсты ў Беларусі

У Менску адміністрацыйныя справы будуць разглядацца ў судах Цэнтральнага, Савецкага і Першамайскага раёнаў. Пакуль вядома, што ў Перашмайскім судзе будуць слухацца справы Елізаветы Пракопчык і Марыны Дубінай, якія да суда знаходзяцца ў РУУС Першамайскага раёну Менску.

На 09:30 прызначаны суд над журналісткай сайту «Eurobelarus.info» Дзіянай Серадзюк за ўдзел у мітынгу ў Курапатах 21 лютага.

Магілёў. Пакуль вядома, што ў судзе Ленінскага раёну на 10 гадзін раніцы прызначаны разгляд адміністрацыйных справаў Аляксандра Царука і Аляксандра Нажэнкі.

Глядзіце таксама:

ЮВ, НМ, ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары