Суддзя, якую пасадзілі за хабар, памерла ў калоніі за дзень да «вызвалення»


У Гомельскай жаночай калоніі памерла былая суддзя Алена Мельнікава. У 2016 годзе яе на 13 гадоў адправілі ў калонію агульнага рэжыму за атрыманне хабару ($ 13 800), піша tut.by. Мельнікава праходзіла па «справе суддзяў». Яна не прызнала сваю віну.

«Ноччу Алена памерла ў калоніі. Заўтра яе павінны былі вызваліць, а адмысловы аўтамабіль – адвезці на лячэнне ў анкалагічны дыспансер», – распавёў tut.by знаёмы сям’і.

У 2016 годзе Вярхоўны суд Беларусі і прызнаў былых суддзяў Менскага эканамічнага суду Алену Мельнікаву і Юрыя Грушэцкага вінаватымі ў атрыманні хабару. Грушэцкі цалкам прызнаў сваю віну – атрымаў 11 гадоў зняволення. Яшчэ чатырох фігурантаў, якія праходзілі па справе і не ўтрымліваліся пад вартай, прызналі вінаватымі ў махлярстве і хабарніцтве. Яны атрымалі меншыя тэрміны зняволення.

Сёлета ў чэрвені Алена Мельнікава паскардзілася на болі ў жываце. У жніўні дачка дамаглася дазволу на абследаванне – у Мельнікавай дыягнаставалі чацвёртую стадыю анкалагічнага захворвання. «Вельмі хутка падрыхтавалі дакументы на яе вызваленне. Хутка падпісалі. Паводле папераў, яна ўжо не знаходзілася ў калоніі, але засталася там да самой смерці», – распавёў знаёмы сямʼі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў