Суддзя, якая прыняла пазоў супраць Пуціна, больш не працуе


Суддзя Арбітражнага суда Саратаўскай вобласці Таццяна Лескіна, якая прыняла пазоў з патрабаваннем адхіліць ад пасады прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, пазбаўленая паўнамоцтваў.

Адпаведнае рашэнне прыняла Кваліфікацыйная калегія суддзяў Саратаўскай вобласці. Рашэнне прынялі на падставе пісьмовай заявы Лескінай пра адстаўку. У сувязі з чым суддзя падала ў адстаўку, на сайце калегіі не ўдакладняецца.

Пра тое, што Арбітражны суд Саратаўскай вобласці прыняў да разгляду пазоў супраць Уладзіміра Пуціна, стала вядома 6 красавіка. З заявай звярнуўся жыхар гораду Балакова Мікалай Сувораў. Ён запатрабаваў адхіліць Пуціна ад пасады «за разрабаванне Расеі і збядненне расейскага народу, за багацце чыноўнікаў, банкіраў, мільярдэраў-рабаўнікоў».

Сувораў назваў расейскага прэзідэнта «ворагам народу, сябрам алігархаў і чыноўнікаў».

7 красавіка суд спыніў вытворчасць паводле пазову Суворава. У пастанове суда гаварылася, што прэзідэнт Расеі валодае недатыкальнасцю. Акрамя таго, заява Суворава не можа быць разгледжаная ў Арбітражным судзе, бо гэты суд займаецца справамі, звязанымі з прадпрымальніцкай і эканамічнай дзейнасцю.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў