Суддзя: грыфу сакрэтнасці на справе «беларускага шпіёна» няма


Справа 32-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у шпіянажы, не мае грыфа сакрэтнасці, але судовы працэс можа праходзіць і ў закрытым рэжыме, калі суддзя ўбачыць падставы для гэтага.

Папярэдняе судовае паседжанне па справе Юрыя Палітыка адбудзецца 12 лютага ў Чарнігаўскім раённым судзе. Пачатак – а 16-й. Справу будзе разглядаць судовая калегія, якую ўзначальвае суддзя Ўладзіслаў Кухто.

«Па змаўчанні працэс мусіць быць адкрыты, грыфа сакрэтнасці на справе няма. Але магчыма, што адзін з бакоў судовага працэсу заявіць хадатайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме», – распавёў belsat.eu суддзя Ўладзіслаў Кухто.

Паводле Кухто, калі аргументы ў хадатайніцтве будуць пераканаўчыя, то суд можа прыняць рашэнне аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме.

Кухто падкрэсліў, што 12 лютага адбудзецца толькі папярэдняе паседжанне, на якім будуць разглядацца хадатайніцтва бакоў, а таксама будзе прызначана дата разгляду справы па сутнасці. У тым ліку, на паседжанні 12 лютага можа быць вырашана пытанне аб падаўжэнні тэрміну арышту. Не выключана таксама, што справу могуць вярнуць на дапрацоўку ў пракуратуру.

Будынак Чарнігаўскага райсуду, дзе мае адбыцца разгляд справы беларуса Юрыя Палітыкі. Фота – court.gov.ua

Сёлета ў студзені Юрыю Палітыку вынеслі абвінаваўчае заключэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэксу Украіны «Шпіянаж». Беларусу пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы.

Беларуса затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, затрыманы беларус, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона. Цяпер беларус знаходзіцца ў СІЗА горадзе Чарнігаў.

Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе.

Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».

СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў