Суд забірае ў Рыгора Кастусёва маёмасць за акцыю

video

У кватэру намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сёння пагрукаліся судовыя выканальнікі. Мэтаю іхнага візіту было апісаць маёмасць за нясплочаны штраф. Яшчэ ўлетку палітыка пакаралі 20-цю базавымі велічынямі за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. Кастусёў і сёння перакананы, што не парушыў закону.

Палітык перакананы, што закону не парушаў

«Я быў адным з заяўнікаў гэтай акцыі. Акцыя была дазволеная гарадскім выканаўчым камітэтам. Я лічу, што падчас мерапрыемства з боку яго ўдзельнікаў ніякіх парушэнняў не было».

Новы метад ціску на актывістаў

У такой сітуацыі сёлета апынуліся таксама іншыя актывісты дэмакратычнага руху Беларусі. Ніна Багінская за ўдзел у акцыях, палічаных судом несанкцыянаванымі, атрымала штрафы агулам каля Br 7500. Плаціць кабета прынцыпова адмовілася. У адказ судовыя выканальнікі сканфіскавалі побытавую тэхніку і выставілі на аўкцыён ейнае лецішча.

Гісторыя гэтых людзей пацвярджае: права на свабоду сходаў у Беларусі брутальна парушаецца. У гэтым перакананыя таксама праваабаронцы і дэпутаты – удзельнікі круглага стала, зладжанага ў Менску. Прадстаўнікі з розных рэгіёнаў уголас казалі пра немагчымасць легальна праводзіць грамадскія і палітычныя акцыі.

Акцыі не дазваляюць па фармальных прычынах

«Ужо больш за дзесяць гадоў не дазволілі правесці ніводнай грамадзянскай акцыі, сходу ці мітынгу. З розных прычынаў», – скардзіцца праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша.

Сярод прычынаў – часта невыканальныя фармальныя патрабаванні для атрымання дазволу, а таксама перашкоды з боку мясцовых чыноўнікаў і міліцыі.

Усяму віною – закон аб масавых сходах, які не аднойчы выклікаў крытыку з боку міжнароднае супольнасці.

«Сам закон вельмі кепскі. Суды фармальна маюць права прыцягваць. Міліцыя мае ўстаноўку, што затрымліваць нельга, але пераследаваць трэба. Працэсуальныя нормы парушаюцца масава, пратаколы прысылаюць поштай, у суд часта не выклікаюць. У выніку людзі атрымоўваюць велізарныя штрафы, якія не могуць своечасова абскардзіць», – распавядае праваабаронца Наста Лойка.

Ёсць надзея, што сітуацыя зменіцца

А таму трэба змяняць закон. Каб такое сталася магчымым, адпаведныя пастановы мусяць быць прынятыя парламентам, урадам і кіраўніком краіны. Адпаведны пакет прапановаў праваабаронцы перададуць субʼектам заканадаўчай ініцыятывы ў Беларусі. Дапамагчы ў спробе змяніць выбарчае заканадаўства абяцаюць дэпутаты парламенту ад дэмакратычнае супольнасці.

«Я прапанавала цяпер сабраць усе заўвагі і прапановы. Трэба падрыхтаваць якасны прадукт. Трэба падрыхтаваць, каб я магла ўнесці гэты законапраект на разгляд Палаты прадстаўнікоў», – кажа Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.

У той жа час судовы канвеер неўзабаве рушыць з новаю сілаю. Ужо ў пятніцу ў Менску адбудзецца разбіранне ў трох адміністратыўных пратаколах на актывіста Віктара Кулака за ўдзел у акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам. Агулам падчас суду над блогерам міліцыя склала прыблізна семдзесят дакументаў аб правапарушэннях.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары