Суд вярнуў пратаколы на Кацярыну Андрэеву ў міліцыю для дапрацоўкі


Кацярына Андрэева

Суд Цэнтральнага раёну Менску вярнуў на дапрацоўку ў міліцыю два пратаколы па ч.2 арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ), складзеныя ў адносінах да журналісткі Кацярыны Андрэевай за супрацу з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.

Нагадаем, на мінулым тыдні Кацярына Андрэева атрымала па пошце адразу два адміністратыўных пратаколы з Цэнтральнага РУУС Менску за стрым з акцыі пратэсту 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантніку 29 ліпеня.

Міліцыя накіравала пратаколы ў суд яшчэ 10 жніўня. Але ў судзе Цэнтральнага раёну журналістцы паведамілі, што пратаколы па яе адміністратыўнай справе вярнулі на дапрацоўку ў РУУС.

Кацярына Андрэева мяркуе, што ў судзе проста не захацелі браць адказнасць за тыя відавочныя недарэчнасці, якія былі дапушчаныя міліцыянтамі ў гэтых пратаколах. У прыватнасці там адзначалася, што журналістка нібыта падрыхтавала відэасюжэт для праграмы «Навіны» на «Белсаце», хаця такой праграмы на тэлеканале наогул не існуе, а відэасюжэт Кацярына Андрэева не рыхтавала – яна толькі вяла стрым з мітынгу. Раней на гэтыя нестыкоўкі журналістка звярнула ўвагу ў каментары «Белсату».

«Відаць, у судах вельмі ўважліва глядзяць «Белсат», – кажа Кацярына Андрэева.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары