Суд Вільні разглядае позву супраць ЕГУ


Канфлікт між выкладчыкамі ды рэктаратам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту перамясціўся ў залу суда.

Ужо другі раз гарадскі суд Вільні разглядае пазоў прафесара Паўла Церашковіча аб незаконным звальненні ды не паспявае прыняць рашэнне – зашмат дадатковых акалічнасцяў і хадайніцтваў.

Прафесар мяркуе, што рэктарат прымае рашэнні без удзелу акадэмічнай супольнасці, а правы выкладчыкаў парушаюцца, як былІ парушаныя ягоныя. Хаця адвакат ЕГУ цвердзіць: фармальна ўсё паводле закону. Працадаўца можа звольніць выкладчыка да сканчэння часовай дамовы без тлумачэння прычыны. Дастаткова скампенсаваць усе выплаты згодна з кантрактам.

«Згодна з законам Літоўскай Рэспублікі, такую дамову заключаюць да двух гадоў, значыць, яна тэрміновая. Таму я як юрыст перакананы, што позва не адпавядае закону», – адзначыў прадстаўнік ЕГУ, адвакат Альгірдас Мішкініс.

Аднак Паўла Церашковіча непакоіць, што звальняюць чальцоў Сенату – органу акадэмічнага самакіравання. Былы кіраўнік Сенату ЕГУ чакае, што суд прызнАе ягонае звальненне незаконным.

«Я гатовы вярнуцца ва ўніверсітэт, таму што ўніверсітэт – гэта не толькі адміністрацыя. Гэта выкладчыкі, студэнты. Я ведаю, большасць з іх мяне падтрымлівае», – кажа Павер Церашковіч, былы выкладчык ЕГУ.

Перад пачаткам навучальнага года яшчэ 20 выкладчыкаў даведаліся, што іхных кантрактаў не працягнулі. Частка з іх перакананыя, што і іх звольнілі за залішнюю актыўнасць, бо былі касцяком выкладчыцкага прафсаюзу.

«Мы рыхтуем дакументы, збіраемся накіроўваць позву ў суд, каб працягваць барацьбу за правы», – заўважае былы выкладчык ЕГУ Андрэй Ралёнак.

Таму хуткім часам за беларускім універсітэтам у выгнанні будзе лічыцца аж дзве позвы. А справу Церашковіча ізноў разгледзяць 17-га лістапада.

На меркаванне звольненых працаўнікоў, рэктарат ЕГУ, абараніўшы ўстанову ад дыктатуры, сам не ўстрымаўся ад аўтарытарных метадаў кіравання. Нягледзячы на нягоды, універсітэт з кастрычніка пачынае чарговы навучальны год.

На навучанне прыедуць 392 першакурснікі. 95 адсоткаў з іх паходзяць з Беларусі.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў