Суд упершыню апраўдаў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага


Суд Добрушскага раёну 15 снежня спыніў адміністратыўную справу паводле артыкулу 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) у дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага з прычыны адсутнасці складу правапарушэння.

Падставаю для складання пратаколу стаў сюжэт «Белсату» «У Добрушы замест заробкаў – талоны на харчы», у якім прысутнічалі фрагменты відэаздымкаў Жукоўскага. Але суддзя Яўген Мартынаў вырашыў, што Жукоўскі заканадаўства не парушаў.

«Хутчэй за ўсё, рашэнне было прынятае наверсе. У гэтай сістэмы не можа быць збояў. Магчыма надакучыла ўсім, што пра мяне заўсёды кажуць – маўляў, Жукоўскага б’юць, Жукоўскага бʼюць. Ну і вырашылі – апраўдайце адзін раз яго. Але ўсё ж нельга выключаць і чалавечага фактару: можа суддзя малады, можа ён нешта не зразумеў, або наадварот яму ўсё надакучыла, ён збіраўся звальняцца і вырашыў паступіць па законе. І ён паступіў па закону», – распавёў Жукоўскі belsat.eu.

Жукоўскі нагадаў, што паводле заканадаўства толькі штатныя супрацоўнікі СМІ абавязаныя мець акрэдытацыю МЗС Беларусі, а ён супрацоўнічае з «Белсатам» у якасці фрылансера.

Сёлета на Кастуся Жукоўскага міліцыя склала каля двух дзясяткаў пратаколаў за супрацу з тэлеканалам «Белсат» – розныя суды Гомельскай вобласці пакаралі журналіста штрафамі на агульную суму больш за 9 тысяч рублёў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў