Суд у Віцебску адмяніў штраф рэпарцёру «Белсату»


Зміцер Лупач

Суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова адмяніла пастанову раённага суда, паводле якой журналіста «Белсату» аштрафавалі за выраб відэасюжэту.

У сакавіку суддзя Шаркаўшчынскага суду Аксана Табола прысудзіла глыбоцкаму журналісту Змітру Лупачу, які супрацоўнічае з нашым каналам, штраф у 563 рублі за рэпартаж пра самыя нізкія заробкі ў Шаркаўшчынскім раёне, які выйшаў у эфіры каналу на пачатку студзеня.

У абласным судзе гэтую пастанову скасавалі, бо пасля здымак матэрыялу прайшло больш за два месяцы і, адпаведна мінуў тэрмін даўніны для адміністрацыйнай справы.

Шаркаўшчынскі штраф стаў для Змітра Лупача другім за сёлета. Першы журналісту прысудзіў суд Пастаўскага раёну за матэрыял аб дэфіцыце ўгнаенняў у Пастаўскім раёне. Тады Лупачу давялося заплаціць Br 612,5.

Летась нашага калегу штрафавалі чатыры разы.

Агулам за 2017 год журналісты «Белсату» за працу без акрэдытацыі заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000 штрафаў.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, 94 % штрафаў паводле адміністратыўных справаў за нібыта незаконны выраб прадукцыі медыяў летась прыпалі на журналістаў «Белсату».

ДД

Глядзі таксама
Каментары