Суд у Наваполацку спыніў разгляд скаргі праваабаронцы на рашэнне гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах


Праваабаронца Зміцер Салаўёў патрабаваў адмяніць рашэнне гарадскіх уладаў Наваполацка, якім яны абавязалі заяўнікаў мерапрыемства прыносіць дамовы аб аплаце аховы, медычнага абслугоўвання і прыборкі смецця, паведамляе сайт spring96.org. 

Акрамя таго, Наваполацкім гарвыканкамам вызначана толькі адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў – пляцоўка ля ўвахода ў Парк культуры і адпачынку, якая не зʼяўляецца зручнай для мітынгаў.

Такая практыка не адпавядае ні заканадаўству Рэспублікі Беларусь, ні міжнародным дакументам, што падпісала наша краіна.

У сваёй скарзе Зміцер Салаўёў кіраваўся прынцыпамі АБСЕ аб свабодзе мірных сходаў, дзе сярод іншага заяўляецца пра недапушчальнасць прымусу грамадзянаў плаціць за паслугі для правядзення мерапрыемстваў.

Судовае разбіральніцтва пачалося 26 красавіка, аднак прадстаўніца Наваполацкага гарвыканкама заявіла хадайніцтва, пасля якога судовы працэс быў спынены нібыта з той прычыны, што патрабаванні не падпадаюць пад юрысдыкцыю суду.

ВЧ, belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў