Суд у Мадрыдзе арыштаваў двух лідараў каталунскіх арганізацыяў, што змагаюцца за незалежнасць


Журналіст «Белсату» распавёў пра тое, што пабачыў на рэферэндуме ў Каталунні

У Іспаніі за падбухторванне да беспарадкаў арыштаваныя кіраўнікі асноўных арганізацыяў каталунскай грамадскасці, якія выступаюць за незалежнасць рэгіёну.

Кіраўнікі галоўных каталунскіх грамадскіх арганізацыяў, якія змагаюцца за незалежнасць рэгіёну, Нацыянальнай асамблеі Каталунні (НАК) і арганізацыі «Усеагульная культура» (УК), заключаныя судом пад варту.

Рашэнне аб арышце без права выхаду на волю пад заклад Жордзі Санчэса і Жордзі Куішара прыняла ўвечары ў панядзелак 16 кастрычніка следчы Нацыянальнай судовай палаты Іспаніі (НСПІ) Кармэн Ламела.

Яны абвінавачваюцца ў «падбухторванні да непадпарадкавання ўладам» членаў сваіх арганізацыяў. Гаворка ідзе пра асноўныя грамадскія структуры прыхільнікаў незалежнасці Каталунні, якія налічваюць у сваіх шэрагах дзясяткі тысяч актывістаў.

Следчы палічыла, што падазраваныя нясуць адказнасць за падзеі ў Барсэлоне, якія адбыліся 20 і 21 верасня. Менавіта яны, паводле яе звестак, кіравалі тады ўдзельнікамі пратэсту, якія блакавалі на працягу содняў урадавыя будынкі ў каталунскай сталіцы, дзе прадстаўнікі Грамадзянскай гвардыі (жандармерыі) забіралі дакументы, якія тычыліся рэферэндуму аб незалежнасці Каталунні. Маніфестанты ня дазвалялі супрацоўнікам выйсці з офісных будынкаў з канфіскаванай дакументацыяй і прывялі ў поўную непрыдатнасць некалькі аўтамабіляў жандараў. Плебісцыт, запланаваны на 1 кастрычніка, быў забаронены па рашэнні Канстытуцыйнага суда Іспаніі.

Санчэс і Куішар абвінавачваліся ў наўмысным супраціве прадстаўнікам улады, якія выконвалі судовую пастанову. Следчы патлумачыла сваё рашэнне таксама асцярогамі, што, застаўшыся на волі, падазраваныя зноў могуць арганізоўваць беспарадкі, улічваючы ў цэлым нестабільную сітуацыю ў рэгіёне.

У ходзе допыту, які праходзіў у памяшканні НСПІ у Мадрыдзе, абодва яны адмовіліся адказваць на якія-небудзь пытанні следства.

Паліцыянты засталіся на волі

Разам з тым Ламела пакінула на волі, нягледзячы на ​​патрабаванне пракурора аб арышце, яшчэ дваіх падазраваных – кіраўніка паліцыі Каталунні маёра Жазэпа Люіса Трапера і ягонага намесніка лейтэнанта Тэрэзу Лаплану. Аднак справа па артыкуле аб «падбухторванні да непадпарадкавання ўладам» распачатая і супраць іх: яны не змогуць адлучацца з Іспаніі і павінныя будуць рэгулярна з’яўляцца ў суд па месцы жыхарства для доказу сваёй прысутнасці ў краіне.

Паліцыянты падазраюцца ў тым, што, спачуваючы маніфестантам, не адрэагавалі своечасова на іхныя дзеянні і не аказалі дапамогу гвардзейцам.

Гаворка ідзе пра першыя арышты, звязаныя з правядзеннем незаконнага рэферэндуму аб каталунскай незалежнасці.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў