Суд супраць БТ: Эксперт не прызнаў фота Антона Матолькі вынікам творчай дзейнасці


Эксперт Андрэй Чупрынскі не пабачыў у здымках Антона Матолькі «творчай дзейнасці».

Пра гэта стала вядома 4 жніўня.

Экспертам у судзе выступіў Андрэй Чупрынскі – загадчык кафедры кінатэлеаператарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Андрэй Чупрынскі мяркуе, што фотаздымкі паўночнага ззяння, зробленыя Матолькам, не падпадаюць пад закон аб аўтарскім праве ў Беларусі.

Сам фатограф піша ў «Facebook» што чакаў такой высновы эксперта, якая зʼяўляецца «адзіным варыянтам БТ выкруціцца ад іх нахабнага крадзяжу».

«Эксперт у сваёй выснове схіляе да таго, што практычна любая рэпартажная фатаграфія не зʼяўляецца абʼектам аўтарскага права, а гэта будзе азначаць, што можна красці і не пытацца. Гэта няправільна», – напісаў фатограф.

Чытайце таксама >>>> БТ і «выкраданне» паўночнага ззяння «у колерах беларускага сцягу». Трагікамедыя з невядомым канцом

Разам са сваім адвакатам ён будзе аспрэчваць вынікі экспертызы. Таксама фатограф шукае свайго эксперта, «не менш тытулаванага» за Андрэя Чупрынскага. Такі эксперт спатрэбіцца, калі будзе задаволенае хадайніцтва фатографа аб правядзенні паўторнай экспертызы.

17 сакавіка 2015 года Антон Матолька зрабіў некалькі фотаздымкаў рэдкага для Беларусі паўночнага ззяння. Фотаздымкі фатограф апублікаваў у сваім блогу, пасля пабачыў іх у адным з сюжэтаў тэлеканалу «Беларусь 1».

Пры гэтым згоды на выкарыстанне сваіх здымкаў Антон Матолька не даваў, а таму звярнуўся ў суд па кампенсацыю – ад БТ ён патрабуе адзін рубель.

Першае паседжанне адбылося 9 ліпеня 2016 года. Тады суддзя накіраваў здымкі на экспертызу, каб высветліць, ці зʼяўляюцца яны вынікам «творчай дзейнасці». Справа ў тым, што закон аб аўтарскім праве абараняе толькі прадукцыю, якая зʼяўляецца вынікам творчай дзейнасці.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў