Суд разгледзіць апеляцыю выкрадзенага Паўла Грыба па Skype. На паседжанне яго не прывязуць


Павел Грыб у залі суду

19-гадовы ўкраінец Павел Грыб, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА Краснадару, будзе адсутнічаць на судовым паседжанні 7 лістапада, ён выйдзе на сувязь толькі па Skype.

Пра гэта паведамляе «Громадське» са спасылкай на бацьку выкрадзенага Ігара Грыба.

«Гэта будзе апеляцыйнай суд, на жаль, ён будзе праходзіць у рэжыме відэаканферэнцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам РФ, як нам паведаміў расейскі адвакат Андрэй Сабінін, у суд яго Паўла не прывязуць», – сказаў бацька выкрадзенага.

Паводле слоў Ігара Грыба, на паседжанне паедуць сваякі і журналісты.

«На жаль, расейскі бок за 2 месяцы не змог прадставіць дазвол на наведванне сваякамі Паўла, дазвол да гэтага часу мы не атрымалі», – адзначыў Ігар Грыб.

Ён паведаміў, што наконт стану здароўя яго сына ў дадзены момант нічога не вядома.

«Лекараў, якія ездзілі туды, не дапусцілі, лекі не даюць», – сказаў Грыб.

Як паведамлялася, 18 кастрычніка раённы суд у Краснадары працягнуў тэрмін утрымання пад вартай выкрадзенага ў Беларусі расейскімі спецслужбамі Паўла Грыба ажно да 4 студзеня 2018 года.

***

Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. Паводле яго слоў, на аўтавакзале Гомля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за суткі яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту.

Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбы не прызнае.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары