Суд прызнаў хоцімскую міліцыю вінаватай у неналежным захоўванні арыштаванага аўтамабіля


Суд Хоцімскага раёну абавязаў Міністэрства фінансаў выплаціць каля Br 2,5 млн за пашкоджаны падчас арышту ў міліцыі аўтамабіль мясцовага жыхара Аляксандра Галавача.

Судовы разбор цягнуўся паўтара года, піша БелаПАН.

Мікрааўтобус «Nissan Primastar» быў арыштаваны ў лютым 2014 года, калі Галавач, везучы з Расеі 195 пар абутку, быў затрыманы службай памежнага кантролю і адпраўлены ў Хоцімскі РАУС. У траўні тавар, на які не было адпаведных суправаджальных дакументаў, канфіскавалі, на яго ўладальніка наклалі адміністрацыйнае спагнанне. Арыштаваная ж машына, якая знаходзілася ўвесь гэты час на адказным захоўванні ў міліцыі, у чэрвені таго ж года была вернутая ўладальніку.

Аднак пры прыёме аўтамабіля з Хоцімскага РАУС Галавач выявіў шматлікія драпіны на пярэдніх крылах і капоце. На дату агляду, 2 ліпеня 2014 года, шкода склала $ 240, або Br 2 млн 453 тыс. Першы зварот у суд Хоцімскага раёну ў верасні 2014 года не прывёў да жаданага для пазоўніка выніку – у пазове да райаддзелу міліцыі адмовілі. У сакавіку 2016 года Магілёўскі абласны суд задаволіў касацыю Галавача і адправіў справу на новы разгляд.

17 траўня суд прызнаў вінаватым Хоцімскі РАУС у незаконных дзеяннях (бяздзейнасці), якія прывялі да пашкоджання лакафарбавага пакрыцця аўтамабіля падчас неналежнага захоўвання, і абавязаў пакрыць шкоду аўтаўладальніку за кошт дзяржаўных грошай. Галавач таксама мусіць кампенсаваць Br 15 млн 140 тыс. выдаткаў, звязаных з судом і паслугамі адваката.

Аднак у сямʼі жыхара Хоцімску незадаволеныя рашэннем суда, бо не лічаць справядлівым спагнаць шкоду ў эквіваленце $ 240 паводле курсу ліпеня 2014 года, што складае каля Br 2,5 млн, а не паводле цяперашняга курсу. «Мы незадаволеныя судом, хутчэй за ўсё, будзем абскарджваць», – заявіла БелаПАН жонка Аляксандра Галавача, адзначыўшы, што сёння самы недарагі рамонт двух крылаў і капота будзе каштаваць ужо каля $ 350.

Адвакат пазоўніка Яўген Багуслаўскі таксама схіляецца да неабходнасці абскардзіць рашэнне суда, не лічачы яго справядлівым. Акрамя таго, ён не выключае, што і з боку дзяржавы, а менавіта пракуратуры, будзе накіраваная скарга ці нават пратэст на судовае рашэнне.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў