Суд паводле справы аб забойстве Нямцова: прысяжныя прызналі падсудных вінаватымі


У Маскоўскім акруговым ваенным судзе калегія прысяжных прызнала былога афіцэра батальёна МУС «Поўнач» Заўра Дадаева і яшчэ чатырох чачэнцаў вінаватымі ў забойстве Барыса Нямцова.

Пра гэта паведамляе «Медуза».

Прысяжныя палічылі даказаным, што Дадаеў разам з іншымі падсуднымі здзейсніў злачынства. За рашэнне аб вінаватасці Дадаева прагаласавалі 10 прысяжных, супраць – двое.

Пасля абвяшчэння вердыкту прысяжных суд абмяркуе яго. Затым будзе абвешчаны прысуд.

Расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч з 27 на 28 лютага 2015 году ў цэнтры Масквы. Перад судом па справе аб забойстве Нямцова паўсталі пяць чалавек: Заур Дадаеў, Анзор і Шадзід Губашавы, Тэмэрлан Ескерханаў і Хамзат Бахаеў. На працэсе падсудныя сваю віну не прызналі.

Згадваецца ў матэрыялах справы і Руслан Мухудзінаў (кіроўца былога намесніка камандзіра батальёна «Поўнач» Руслана Герамеева – чалавека блізкага да Рамзана Кадырава). Мухудзінава, чыя справа выдзеленая ў асобную вытворчасць, следства лічыць арганізатарам злачынства. Мяркуецца, што ён можа хавацца ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў