Газета «Новы час» выйграла суд у бізнесоўца Ізраілевіча


10 верасня 2018 года. Адвакат Арцём Калоша, галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб (другая злева), журналіст Дзяніс Івашын і юрыст БАЖу Алег Агееў у зале суда. Фота – Валерыя Уласік / Белсат

У судзе Савецкага раёну Менску скончыўся суд па справе бізнесоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць «Новага часу». Суддзя Вераніка Абрамовіч прыняла рашэнне ў позве бізнесоўцу адмовіць.

Па словах Ізраілевіча, газета апублікавала шэраг артыкулаў, якія прымяншаюць ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Месяц таму прадпрымальнік падаў пазоў у суд супраць «Новага часу» і журналіста Дзяніса Івашына. Ён хацеў спагнаць Br 40 000 з рэдакцыі і Br 1000 з аўтара матэрыялу, а таксама зняпраўдзіць звесткі артыкулаў Івашына. Першае паседжанне адбылося 29 жніўня, бізнесовец на яго не прыйшоў.

Сённяшняе паседжанне трывала чатыры гадзіны. Фота – Валерыя Уласік / Белсат

Газету ў судзе прадстаўляла галоўная рэдактарка Аксана Колб і адвакат Арцём Калоша. Інтарэсы Івашына бараніў юрыст беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Падтрымаць незалежнага журналіста і выданне «Новы час» сабраліся каля 30 чалавек. Фота – Валерыя Уласік / Белсат

На судзе пазоўнік зазначыў, што пасля выхаду публікацый у ягоны адрас пачалі паступаць абразы, з’явіліся праблемы з партнёрамі па бізнесе. Усё гэта спадар Ізраілевіч звязаў з няправільна пададзенай інфармацыяй у артыкулах. Падчас суду бізнесовец неаднаразова вінаваціў «Новы час» у антысемітызме, называў публіку «ненадзейнай», расследаванні Івашына «замоваю», а самога журналіста «удзельнікам экстрэмісцкай групоўкі».

Пасля адвакатка Ізраілевіча Калазаева заявіла хадайніцтва аб допыце сведкі Уладзіміра Вяліцкага, бізнес-партнёра Ізраілевіча. Суд задаволіў хадайніцтва. Вяліцкі распавёў пра пагаршэнне эмацыйнага і псіхічнага стану калегі. І дадаў, што таксама заўважыў у публікацыях вялікую «антысеміцкую нагрузку».

Бок адказчыкаў у сваю чаргу папрасіў высокі суд адмовіць Ізраілевічу ў пазоўных патрабаваннях у поўным аб’ёме. Юрысты заявілі, што негатыўныя наступствы прынеслі не публікацыі, а менавіта рэакцыя Ізраілевіча на іх. А таксама дзеянні і выказванні наконт падзеяў у Курапатах.

Суд Савецкага раёна Менску. На працэсе па пазове прадпрымальніка Аркадзя Ізраілевіча журналіст Дзяніс Івашын адзначыў, што ўсе артыкулы «Новага часу» пабудаваныя на праверанай інфармацыі, атрыманай з дзяржаўных крыніцаў. Фота – Валерыя Уласік / Белсат

Пасля паўгадзіннага перапынку суд вынес рашэнне. Пазоўніку адмоўлена як у публікацыі зняпраўджвання, гэтак і ў спагнанні маральнае шкоды з аўтара публікацыі і рэдакцыі газеты. На абвяшчэнні рашэння Ізраілевіча адсутнічаў.

Прысутныя ў судзе сустрэлі рашэнне суддзі авацыямі.

Валерыя Уласік / ДД

Стужка навінаў