Суд над «святаром са свастыкай» Канстанцінам Бурыкіным: зброю атрымаў у падарунак ад РНЕ, Філарэт ведаў пра кантакты з радыкаламі


У судзе Заводскага раёну Менску распачаўся беспрэцэдэнтны суд над святаром праваслаўнай царквы ў Гатава.

Канстанціна Бурыкіна вінавацяць у незаконным захаванні зброі і боепрыпасаў. Як стала вядома падчас судовага працэсу, святар прызнаў сваю віну.

Падсудны распавёў, што зброю, якую праваахоўнікі знайшлі ў яго ўдома, Бурыкіну прэзентавалі ў 2001-м годзе актывісты неанацысцкай групоўкі «Расейскае нацыянальнае адзінства», больш вядомае пад скаротам РНЕ. У арганізацыі святар быў гэтак званым «духоўным настаўнікам».

Як цвердзіць Бурыкін, пра сваю супрацу з расейскімі радыкаламі ён рэгулярна рапартаваў патрыярху Філарэту, які ў тыя часы кіраваў праваслаўнай царквой у Беларусі. На пытанне пракурора, ці ведаў святар пра ідэалогію РНЕ, падсудны адказаў: што на пачатку не бачыў нічога дрэннага ў іх дзейнасці, аднак пасля вырашыў што групоўка стала дэструктыўнаю і прыпыніў кантакты.

Падчас вобшуку ў кватэры Канстанціна Бурыкіна праваахоўнікі знайшлі сярод іншага ваенную кінахроніку Трэцяга Райха ды літаратуру экстрэмісцкага характару.

Увагу прыцягнула і дамашняя жырандоль святара: калі яе запаліць, на столі зʼяўляецца гітлераўская свастыка. Аднак абвінавачанне паводле артыкулу «распальванне нацыянальнай варожасці» святару пакуль не высунулі.

Калі віну святара ў незаконным захаванні зброі дакажуць, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Стужка навінаў