Незалежнага журналіста Алеся Ляўчука аштрафавалі на амаль 4 мільёны рублёў


Суд Маскоўскага раёна Берасця аштрафаваў незалежнага журналіста Алеся Ляўчука на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч бел. рублёў).

26 сакавіка там разглядалася ягоная адміністрацыйная справа. Сам журналіст позвы на гэтае паседжанне не атрымаў і нават не здолеў даведацца, якое рашэнне прынятае судом.

«Рашенне пра тое, калі адбудзецца судовае паседжанне прымае толькі суд, а ніяк не міліцыя. Калі адбываецца іначай – узнікаюць пытанні наконт незалежнасці суда. Я не атрымаў ніякіх папераў з суда, і паседжанне, якое вёў суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан адбылося без майго ўдзелу. Пра рашэнне я даведаўся толькі праз суткі. У Берасце уваходзіць у норму судзіць журналістаў без іх удзелу. Так Тамару Шчапёткіну выклікалі ў суд смс-кай і не пусцілі на ўласнае судовае паседжанне. Мне прысудзілі 21 базавую велічыню – але аніякіх доказаў не было ні ў міліцыі, ні напэўна ў суддзі, бо я натуральна быў пазбаўлены магчымасці адстойваць сваю пазіцыю. Я буду абскарджваць прысуд», – распавёў belsat.eu Алесь Ляўчук.

Падставай для адміністрацыйнай справы стала публікацыя, размешчаная на старонцы Belsat.eu за подпісам «АЛ». Паводле Алеся Ляўчука, міліцыянт меў раздрукоўкі і іншых матэрыялаў разам з выпіскамі з закону «Аб СМІ».

Чытайце таксама >>>>> Незалежнага журналіста з Берасця Алеся Ляўчука хочуць прыцягнуць да адказнасці за ананімны матэрыял на сайце Belsat.eu.

Аднак ніякай позвы на судовае паседжанне Алесь Ляўчук не атрымаў. 26 сакавіка, дзень, на які прызначылі паседжанне, журналіст патэлефанаваў у суд Маскоўскага раёна і даведаўся, што справа ўжо разгледжана без ягонага ўдзелу. Журналісту таксама адмовіліся па тэлефоне даць інфармацыю пра вынік судовага разгляду.

Алесь Ляўчук мяркуе, што ён зноў пакараны штрафам, як і напрыканцы мінулага года, калі суд Ленінскага раёна Берасця ўжо аштрафаваў незалежнага журналіста на 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў) па ўсё тым жа артыкуле 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

19 сакавіка выклікі ў міліцыю атрымалі адразу пяць незалежных журналістаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў