На судзе Ігар Логвінаў не прызнаў сваёй віны і падаў шэраг хадайніцтваў. У сувязі з гэтым судовы працэс працягнецца ў пятніцу а 14:30.
Да будынку Эканамічнага суду Менску прыйшлі каля 30 журналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці. Сярод іх былі праваабаронца Алена Танкачова, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч ды іншыя. На суд не пусцілі амаль нікога. Афіцыйная прычына – «адсутнасць адпаведнай залы». Пасля тэлефанавання ў прэс-службу Вярхоўнага суду ў залю змаглі трапіць толькі карэспандэнт «Еўрарадыё», журналістка Радыё «Свабода», Алена Танкачова і жонка Ігара Логвінава.
На пачатку снежня ў кнігарні «ЛогвінаЎ» адыблася пазапланавая праверка падаткавікоў. У выніку Мінінфарм нібыта выявіў шэраг парушэнняў і аштрафаваў кнігарню на 1 мільярд рублёў – гэта гадавая выручка кнігарні, якую залічылі за незаконны прыбытак.
Ігар Логвінаў паведаміў журналістам, што ад 1 студзеня ў памяшканні кнігарні працуе ўжо іншая юрыдычная асоба: гэта адзіная магчымасць працягнуць працу пад старым адрасам.
Фота ДД