Суд над Ляўчуком перанеслі на неакрэслены тэрмін


Незалежнага журналіста Алеся Леўчука павіны былі судзіць за супрацу з «Белсатам» 26 чэрвеня, але судовы працэс не адбыўся. Па версіі міліцыі на суд не з’явіўся сведка Раман Васілюк і таму суд Ленінскага раёну Берасця не прыняў справу да разгляду.

«За некалькі хвілінаў да пачатку судовага пасяджэння мне патэлефанавалі з Ленінскага РАУС і сказалі што суд пераносіцца, паколькі на яго не з’явіўся сведка. – кажа ў размове з Belsat.eu Алесь Ляўчук. – але мінулы раз ім нічога не замінала судзіць мяне без сведкаў, і нават без майго ўдзелу. Я вельмі настойліва прасіў мяне сёння пасудзіць, але ў судзе Ленінскага раёну Берасця мне сказалі, што для гэтага няма ніякіх падставаў, аніякіх папер на мяне не прыходзіла, параілі ехаць у Ленінскі РАУС, што я зрабіў».

У міліцыі да візіту журналіста паставіліся нервова ды не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. «Адзін з міліцыянтаў сказаў, што дакументы павінен быў прывезці ў суд іншы супрацоўнік міліцыі, але ён кудысьці знік з маёй справай. Было відавочна, што ў міліцыі хлусяць. Больш таго Васілюка ў суд міліцыя не выклікала. Міліцыянты відавочна напалоханыя велізарным рэзанансам у СМІ і ўжо некаторыя з іх у прыватных размовах прызнаюцца, што не хочуць быць на месцы сваіх калегаў, што вядуць супраць мяне адміністратыўныя працэсы». – распавядае журналіст.

Тым часам на Ляўчука склалі пратакол па іншай справе – за матэрыял пра рэлігійны канфлікт, што разгарэўся ў аграгарадку Белавежскі на Берасцейшчыне.

«Патэлефанаваў звычайны сельскі ўчастковы, і падчас нашай размовы сказаў, што зусім не хоча праблем, што на яго цісне КБД і яго кіраўніцтва» – кажа Ляўчук.

Агулам на журналіста апошнімі днямі складзена два пратаколы на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»), але калі адбудуцца судовыя працэсы, пакуль невядома.

Раней Алеся Ляўчука ўжо пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся ў снежні 2014-га года Тады паседжанне адбылося са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

У сакавіку 2015-га суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Ляўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн.

Цягам 2015-га года незалежных журналістаў у Беларусі аштрафавалі за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» на суму Br 108,18 млн.

ЯЛ, belsat.eu

Стужка навінаў