Маладзечанскі суд пакараў Юрыя Губарэвіча арыштам на 15 сутак за арганізацыю акцыі «Я недармаед»


Суддзя Аляксей Іршын зачытаў, што Губарэвіч абвінавачваецца па арт. 23.34 ч. 3 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія былі здзейсненыя паўторна).

Паводле суддзі, лідар Руху ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і «з дапамогай вуснай мовы выкрыкваў лозунгі» «За адмену Дэкрэта № 3 прэзідэнта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства!».

Губарэвіч не прызнаў сабе вінаватым, хаця згадзіўся з тым, што ён быў на плошчы і браў удзел у акцыі.

«Рашэнне пра арышт – гэта спроба ізаляцыі, асабліва напярэдадні акцыяў 15 і 25 сакавіка», – сказаў Юрый Губарэвіч.

Старшыня Руху лічыць памылкай уладаў затрыманне палітычных лідараў, бо гэта пакідае акцыі без адказных за іх людзей і робіць абсалютна непрадказальнымі.

«Асноўны матыў людзей, якія выходзяць на вуліцу – незадавальненне ўладамі, не важна ў якой форме. У людзей настолькі накіпела, што яны не хочуць трымаць ў сабе і гатовыя выходзіць на вуліцы», – дадаў Губарэвіч.

Актывіст АГП Дзяніс Красачка, які 11 сакавіка быў затрыманы, атрымаў штраф 50 базавых, Аляксандр Панамароў, жыхар Маладзечна, 10 сутак, а Вольга Кавалькова – 7 сутак.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі атрымалі па 15 сутак.

ЮВ, belsat.eu, паводле pyx.by

Глядзі таксама
Каментары