Суд аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 12,6 млн адразу паводле дзвюх справаў


Суд Цэнтральнага раёну Менску 3 траўня аштрафаваў лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка на 60 базавых велічыняў (Br 12,6 млн) паводле дзвюх адміністрацыйных справаў.

Як паведаміў БелаПАН Сіўчык, штраф у памеры 50 базавых велічыняў яму прысудзілі за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі, абвінаваціўшы ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзенні масавых акцыяў (арт. 24.34 КоАП). За ўдзел у гэтай акцыі раней ужо былі аштрафаваныя на розныя сумы больш за 10 палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

Другая адміністрацыйная справа датычыла затрымання Сіўчыка 19 красавіка міліцыяй а трэцяй гадзіне ночы. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП).

Сёння суд аштрафаваў палітыка паводле артыкулу аб дробным хуліганстве на 10 базавых велічыняў, даслаўшы справу паводле артыкулу аб непадпарадкаванні міліцыянтам на ліквідацыю недахопаў.

Сіўчык сваю віну не прызнае, называючы паказанні міліцыянтаў «абсалютна ілжывымі і пазбаўленымі разумнага сэнсу».

Глядзіце яшчэ >>> Вячаслаў Сіўчык: Калі б не было Вясны’96 і Плошчы Каліноўскага, у нас не было б надзеі

19 красавіка, па словах палітыка, ноччу ён вяртаўся дадому, аднак працаўнікі міліцыі сілай выцягнулі яго ўжо з падʼезда і адвезлі ў Цэнтральнае РУУС. «Я быў без акуляраў, а таму не меў нават тэарэтычных магчымасцяў падпісаць пратаколы. Ніхто мяне не апытваў, нічога не казаў. Адзінае, чамусьці афіцэры казалі, што «ўладу мне не аддадуць», – адзначыў ён.

Пасля затрымання Сіўчыка праваабаронцы выказалі занепакоенасць дзеяннямі міліцыі. Палітыка даставілі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, які пастанавіў вярнуць на дапрацаванне пратаколы ў сувязі з тым, што час і месца правапарушэння не адпавядаюць пратаколу затрымання.

Позву зноў зʼявіцца ў суд 21 красавіка Сіўчыку ўручылі міліцыянты ў падʼездзе ягонага дому а 22:00 20 красавіка. На наступны дзень суд задаволіў хадайніцтва палітыка перанесці разгляд справы, бо ягоны адвакат не мог прысутнічаць на працэсе.

У верасні 2015 года Сіўчык вярнуўся ў Беларусь пасля некалькіх гадоў эміграцыі. Ён вымушаны быў зʼехаць з краіны пасля Плошчы-2010, баючыся пераследу. Знаходзячыся ў эміграцыі, у 2012 годзе Сіўчык зарэгістраваў у Чэхіі міжнароднае грамадскае абʼяднанне «Рух салідарнасці «Разам». Дзейнасць абʼяднання была накіраваная на падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі і ва Украіне. Цяпер рух у Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэту.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў