Суд адхіліў скаргу Алены Танкачовай аб яе высылцы з Беларусі


Цяпер беларуская праваабаронца рыхтуе скаргу ў Менскі гарадскі суд. Яна не выключае, што пасля пераезду працягне сваю дзейнасць з Вільні.

Суд Першамайскага раёна Менску не задаволіў скаргу праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне раённага ўпраўлення ўнутраных справаў аб высылцы яе з Беларусі. Гэтае рашэнне 13 студзеня агучыла суддзя Наталля Петух.

Праваабаронца дзеліцца сваймі планамі «Касацыйная скарга і падрыхтоўка да далейшага ад’езду».

Алена Танкачова збіраецца спачатку атрымаць расейскія дакументы, а пасля пераязджаць, каб працягваць сваю дзейнасць. Магчыма – у Вільню.

5 лістапада мінулага года УУС Першамайскага раёна прадпісала Танкачовай пакінуць Беларусь цягам месяца і забараніла ёй наведваць краіны ў бліжэйшыя тры гады. Такое рашэнне было прынятае на падставе фактаў нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай. Але праваабаронца яго абскардзіла.

Алена Танкачова – грамадзянка Расеі, якая жыве ў Беларусі каля 30 гадоў. Мае тут жыллё, працу, кіруе Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў