Сучасны вясковы Шчодрык – з расейскай папсой і маскай Ананімуса?


Старажытныя абрады перажываюць дзіўныя метамарфозы. Карэспандэнтка belsat.eu прыглядалася, як вяскоўцы пад Светлагорскам калядуюць ды святкуюць Шчодрык, абыходзячыся без «кананічнай» казы і каляднай зоркі.

У сучаснай вёсцы і шчадруюць па-сучаснаму! Імаверна, што прыспеў «шчодры вечар добрым людзям» рызыкуе застацца ў мінулым. На змену ўжо спяваюць песні ў стылі расейскай папсы:

«Мы акторы, мы не зверы, мы прыйшлі калядаваць, з новым годам віншаваць! Я – цыганка-малдаванка, ды з Масквы прыехала. Дайце рубаль, дайце два, каб назад заехала».

Калядоўшчыцы, якія спявалі гэтую песню, сваім выглядам нагадвалі блатных цыганак, здольных і зубы загаварыць, і грошай падзарабіць сваім шоу.

Мясцовая жыхарка Анжэла Цыплінская, у штодзённым жыцці дворнік, вырашыла дапамагчы сваёй дачцэ Алісе павесяліць вяскоўцаў. Дачка і маці абыйшлі ў святочны вечар тры вёскі ды нашчадравалі вялікі мех цукерак і паўгаманца грошай.

Акрамя «цыганак» па хатах хадзілі і іншыя пераапранутыя. Збольшага – незразумела нават у каго. Некаторыя калядоўшчыкі нават не пераапраналіся, заходзілі як ёсць, прасілі ці выпіць, ці грошай на выпіўку. І што ні песня – то тэкст спампаваны з інтэрнэту, заспяваны на матыў папулярнай якога-небудзь поп-гіта.

Пенсіянерка Марыя Пятроўна з вёскі Чыркавічы рыхтуецца да Шчодрага вечару – не «па сучаснаму». У хаце – куцця з разынкамі і мёдам. Але калядоўшчыкаў на сваіх і чужых не дзеліць, пускае ў хату ўсіх.

 



Школьнікам спадарыня Марыя сыпле ў пакеты цукеркі і дае загадзя адкладзеныя грошы, а дарослым яшчэ і чарку прапаноўвае. Тысячныя ды пяцітысячныя купюры збірала яшчэ з лістапада, на пошце набыла ажно цэлую каробку вафельных батончыкаў і міні-шакаладак – усе гэтыя пачастункі для калядоўшчыкаў. Руплівая гаспадыня кажа, што ў мінулым годзе свята было цікавейшае, шчодры вечар быў сапраўды шчодры на добрыя песні і танцы ў яе хаце.

МА, belsat.eu

Фота аўтара

Стужка навінаў