Адмыслова створаная рабочая група будзе займацца, сярод іншага, выключэннем залішніх патрабаванняў да субʼектаў гаспадарання, удасканаленнем кантрольна-нагляднай дзейнасці.
Пра гэта паведаміў журналістам сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Па словах прадпрымальніка, група створана распараджэннем кіраўніка дзяржавы яшчэ 13 студзеня.
«Сябе прэзідэнт прызначыў кіраўніком групы, у яе ўваходзяць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнікі міністэрстваў, Камітэту дзяржкантролю і 7-8 прадстаўнікоў бізнесу, у тым ліку я», – сказаў Маргелаў.
Першае паседжанне рабочай групы, паводле спадара Маргелава, адбудзецца 27 студзеня.
Таксама ён адзначыў, што кансультатыўна-каардынацыйная рада 20 студзеня ўжо выпрацавала прапановы, якія будзе абмяркоўваць у рамках рабочай групы, падкрэсліўшы, што трэба прымаць смелыя рашэнні.
У межах рабочай групы будуць унесеныя прапановы па стратэгіі развіцця малога і сярэдняга бізнесу да 2030 году.
Распараджэнне аб стварэнні рабочай групы пакуль афіцыйна не апублікавана.
ВД, паводле belapan.by