Стваральнік «Мультклубу» працягвае жартаваць з палітыкаў і за мяжою


Яны малююць мультфільмы пра цуда-танк Пуціна і размаўляюць на чатырох мовах. «ARU.TV» – зробленая ў Эстоніі малымі сіламі маленькае незалежнае тэлебачанне, што працуе для постсавецкага гледача.

Як ствараецца папулярная інтэрнэт-тэлевізія? Даволі проста. Дастаткова мець пакой, камеру, а галоўнае – цікавую ідэю. У гэтым мы пераканаліся ў Таліне, у гасцях у каналу «ARU.TV».

Пакуль «ARU.TV» – зусім «зялёны» праект, працуе два месяцы. Але ўжо прыцягнуў увагу 200 тыс. гледачоў. Першая студыя каналу месцілася на вуліцы Ару. Па-эстонску гэтае слова значыць «разумны», «кемлівы». Гэтак і нарадзілася назва. А за ёй і канцэпцыя: сумяшчаць складанае з лёгкім, разбаўляць інфармацыю мультфільмамі – кажа ідэйны натхняльнік праекту, беларус Павел Марозаў.

ПАВЕЛ МАРОЗАЎ, КІРАЎНІК «ARU.TV»:

«Даваць людзям магчымасць пасмяяцца і менш сурёзна ставіцца да гэтых вялікіх людзей, як Лукашэнка і Пуцін. Больш спакойна».

Шмат хто згадае легендарны «Мультклуб» – вясёлыя мульты на палітычную тэматыку. Павел Марозаў быў каардынатарам праекту. Улада дзёрзкага высмейвання не прабачыла і завяла на ініцыятараў, у тым ліку Паўла, крымінальную справу. Гэтак Павел апынуўся ў Эстоніі. Традыцыя палітычнага мультфільму працягваецца, цяпер жартуюць не толькі з Лукашэнкі, бо «ARU.TV» глядзяць і ў Расеі, і ва Украіне, і ў краінах Балтыі.

А ў гэтай студыі сваю праграму «Шматкаляровыя навіны» запісвае Арцемій Троіцкі.

АРЦЕМІЙ ТРОІЦКІ, ВЯДОЎЦА «ARU.TV»:

«Привет, дорогие друзья, вітаю, шаноўныя сябры і дорогі друзі, mina olen – гэта я ўжо па-эстонску гавару – Арцемій Троіцкі. Мы тут з калегамі з «ARU.TV» прыдумалі такую праграмку, якая называецца «Шматкаляровыя навіны».

Спачатку тэлевізія суправаджала матэрыялы строгімі каментарамі экспертаў, аднак спынілася на фармаце апошніх падзеяў у аўтарскім бачанні. Экспертную частку тэлевізіі складаюць такія адмыслоўцы, як Віктар Шэндэровіч, Андрэй Піянткоўскі ды іншыя. Агулам канал ствараюць усяго 15 асобаў з некалькіх краінаў, у тым ліку Беларусі, – інтэрнэт робіць незаўважнаю фізічную адлегласць. А мэта – супрацьстаяць прапагандысцкім каналам, якія…

ПАВЕЛ МАРОЗАЎ, КІРАЎНІК «ARU.TV»:

«Выкарыстоўваюць людскія рэсурсы не толькі каб дэзынфармаваць, але потым нічога не замінае дзе-небудзь у Нарве бунт арганізаваць ці ў Беларусі, у Гомлі, рэспубліку якую абвесціць».

Усяго за 60 дзён працы «ARU.TV» прыдбаў 13 тысяч падпісчыкаў на відэапартале «Youtube.com». Разгарнулася супраца з украінскімі калегамі з «Эспрэса ТВ». У часы дзяржаўнага захопу тэлевізійнай прасторы ў шэрагу постсавецкіх краінаў менавіта інтэрнэт-тэлебачанне прываблівае ўвагу тых, хто хоча зразумець складаныя палітычныя рэаліі, а часам і проста пасмяяцца з іх.

Настасся Яўмен, «Белсат», Талін

Стужка навінаў