Студэнты пратэстуюць, ці збіраюцца змагацца настаўнікі?

video

https://www.youtube.com/watch?v=viBYF32yvtg

Аляксандр Фясковіч – малады псіхолаг. Пасля сканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту па размеркаванні трапіў у вясковую школу ў Віцебскім раёне. Толькі рэальнасць працы моцна разышлася з чаканнямі маладога адмыслоўцы ад прафесіі.

«Вельмі шмат работы, якая не тычыцца зусім школы», – зазначае Аляксандр Фясковіч, школьны псіхолаг, малады адмысловец.

Тут і адказнасць за пажарную бяспеку, і бясконцыя паперы ды справаздачы, і падпрацоўванні за калег-настаўнікаў. А заробку 3 з паловаю мільёны хапае толькі на базавыя патрэбы.

«Не застануся ў адукацыі, асабліва на вёсцы, ніякага развіцця, ніякага далейшага шляху няма», – дадае Аляксандр Фясковіч, школьны псіхолаг, малады адмысловец.

Адметна, што Віцебшчыну ставяць у прыклад іншым беларускім рэгіёнам: у Палаце прадстаўнікоў адзначылі, што настаўніцкія заробкі тут выведзеныя на ўзровень сярэдняга па вобласці. Толькі вось сярэдняя аплата ў гэтым рэгіёне, паводле апошніх афіцыйных звестак, самая нізкая ў краіне – 5 мільёнаў 870 тысячаў рублёў. Дык ці сапраўды ёсць чым хваліцца?

«Аплата працы ў настаўнікаў вельмі, вельмі маленькая», – кажа жыхар Віцебску.

Між тым, нават нягледзячы на мізэрныя заробкі, чакаць нейкага значнага пратэсту настаўнікаў, як мяркуе грамадскі актывіст Леанід Гаравы, бліжэйшым часам не варта.

«Патэнцыял педагогаў і іншых працаўнікоў бюджэтнай сферы, прамысловы, ён – пратэстны – невысокі зусім, таму што ўлада як бы дазавана праз свой прапагандысцкі апарат паказвае, што яна турбуецца аб росце дабрабыту народу, павялічваючы на 5 адсоткаў, на 10», – тлумачыць Леанід Гаравы, грамадскі актывіст, былы дырэктар школы.

Хоць тыя нязначныя павышэнні вокамгненна «зʼядаюцца» інфляцыяй. Але ж маладыя настаўнікі бягуць са школаў не толькі праз грашовыя праблемы.

«Трэба даць настаўніку свабоду творчую. Тады паднімецца прэстыж прафесіі. Тут справа не толькі ў заробках, каб чалавек, малады чалавек, які прыйшоў у школу, ён мог сябе адчуваць годна, змог прафесійна самарэалізоўвацца, на яго не быў ціск з боку адміністрацыі, пажарнікаў», – мяркуе Тамара Мацкевіч, Таварыства беларускай школы.

Пакуль жа настаўнік усцяж застаецца закладнікам старой, яшчэ савецкай сістэмы адукацыі, дзе бюракратычная цяганіна здольная перамагчы амбіцыі ды любоў да прафесіі.

Таццяна Рэут, Белсат

Глядзі таксама
Каментары