Студэнты ЕГУ збіраюць канферэнцыю, каб праліць святло на выбары рэктара


9-10 студзеня ў Вільні адбудзецца канферэнцыя «Беларускі ЕГУ: 10 год у Літве».

Конкурс на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту цягнецца тры месяцы. Праўда, за гэты час афіцыйныя прэс-рэлізы навучальнай установы не раскрылі важных дэталяў хады конкурсу, што спарадзіла чуткі і недакладную інфармацыю. У той жа час грамадскасць Беларусі занепакоеная захаваннем беларускага духу ва ўніверсітэце, што знаходзіцца на парозе пераменаў.

Каб дадаць дыскусіям яснасці і структуры, Студэнцкае прадстаўніцтва і Асацыяцыя выпускнікоў ЕГУ пры падтрымцы German Marshall Fund of the U.S. арганізуе міжнародную канферэнцыю як пляцоўку дзеля адкрытага абмеркавання беларускае будучыні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Яна адбудзецца 9 і 10 студзеня ў Вільні.

«Мэта канферэнцыі – з’яднанне студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і адміністрацыі ЕГУ дзеля адкрытага абмеркавання далейшага лёсу ўніверсітэту» – адзначаецца ў прэс-рэлізе Студэнцкага прадстаўніцтва.

Канферэнцыя – апошні шанец паўплываць на выбар рэктара

На канферэнцыю запрошаныя сем кандыдатаў на пасаду рэктара. На дадзены момант свой удзел пацвердзілі Дарус Удрыс і Аляксандр Мілінкевіч. Да абмеркаванняў мусяць далучыцца Уладзімір Колас, Аляксандр Лагвінец, Вадзім Мажэйка, Сяргей Ісакаў, Леанід Міндлін ды іншыя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Як тлумачаць арганізатары, канферэнцыя ладзіцца ў хуткі тэрмін, каб не згубіць шанец паўплываць на канчатковае рашэнне аб выбары рэктара. Паводле вынікаў дыскусіяў, удзельнікі складуць дакумент з прапановамі адносна далейшага развіцця ўстановы і яе ролі ў жыцці беларускага грамадства.

Да ўдзелу запрашаюць усіх зацікаўленых. Для гэтага трэба зарэгістравацца па адрасе studentcouncil@ehu.lt.

НЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары