Студэнты БНТУ распрацавалі праект замчышча Агінскіх у Маладзечна


Сёлетнія выпускнікі БНТУ распрацавалі адзін з лепшых праектаў замчышча Агінскіх. Ці знойдуцца грошы, каб яго рэалізаваць?

Трое сёлетніх выпускнікоў архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту распрацавалі праект мемарыяльнай сядзібы гісторыка-культурнага цэнтру ў Маладзечне. Па сутнасці гэта праект рэканструкцыі замчышча Агінскіх. Ён стаў сумеснай дыпломнай працай маладзечанкі Дыяны Булдык, мянчанкі Таццяны Смяян і бабруйчаніна Аляксея Дзмітрука, паведамляе «Рэгіянальная газета».

«Месца, дзе раней было замчышча Агінскіх знакавае для гораду, – мяркуе Дыяна Булдык. – Але яно ніяк не выкарыстоўваецца. Знаходзіцца наводшыбе, пра яго мала хто ведае, і тым больш, ездзіць туды. У большасці гарадоў Беларусі не хапае грамадскіх пляцовак для адпачынку людзей», – тлумачыць Дыяна Булдык, чаму зацікавілася менавіта гэтым месцам.

Пяць гадоў таму ўжо прапаноўваўся праект па забудове тэрыторыі каля замчышча, аўтарам якога стаў Мікалай Тамашэўскі. Меркавалася, што яго ідэі можна рэалізаваць да 2015 года, але замчышча дагэтуль стаіць у некранутым выглядзе.

«Адрозненне новага праекта ў тым, што ён ахоплівае ўсё поле неабходных работ. Кожная дэталь мае канкрэтыку. Я стварыў канцэпцыю рэканструкцыі замчышча, якая лягла ў аснову праекта. Маладыя архітэктары звярнуліся да мяне, каб прадумаць праект. У выніку яны зрабілі выдатную работу. Цяпер пытанне, як яе рэалізаваць», – кажа Мікалай Тамашэўскі.

Дзе ўзяць грошы

Сустаршыня мясцовага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Уладзімір Сівуха адзначана пагаджаецца, што тэрыторыя каля замчышча павінна быць уладкаваная. Але для рэалізацыі не хапае творчых і фінансавых рэсурсаў.

«Магчыма, таму, што яшчэ не прыйшоў час. Людзі яшчэ не асэнсавалі важнасць турыстычнага аб’екта на замчышчы», – адзначае Уладзімір Сівуха.

Ён лічыць, што першым крокам трэба распавесці пра цікавыя прапановы грамадскасці. Для таго, каб як мага больш людзей ведалі пра магчымы комплекс, каб маладзечанцы загарэліся ідэяй стварыць турыстычны аб’ект на замчышчы. Таксама трэба знайсці генеральнага спонсара, а пасля далучыць партнёраў: хтосьці з іх пабудуе гасцініцу, нехта – рэстаран.

Каб пачаць нешта рабіць, патрэбны дазвол археолагаў і Мінкульту

«Складанасць яго рэалізацыі яшчэ ў тым, што дагэтуль мы не маем ні адзінага дакументальнага пасведчання пра тое, як насамрэч выглядаў замак Агінскага. Рабіць праект абы ён быў зроблены – такі падыход няправільны. Да таго ж, каб пачаць будаваць нешта на археалагічным грунце, трэба дазвол археолагаў і міністэрства культуры. Атрымаць яго можна пасля таго, як спецыялісты правядуць даследаванне на гэтым месцы», – пералічвае складанасці начальнік аддзелу ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкаму Аляксандр Рамановіч.

Аляксандр Рамановіч дадае, што даследаванне – не танная справа. Таксама чыноўнік адзначае, што комплекс можна збудаваць, патрапіўшы ў праграму «Замкі Беларусі». Але для гэтага трэба прадставіць адмысловы праект з навуковай часткай.

Пакуль жа час ідзе, а цікавыя ідэі і прапановы застаюцца толькі на паперы.

НМ, belsat.eu, паводле «Рэгіянальная газета»

Стужка навінаў