Студэнтку МДУ імя А.А. Куляшова адлічылі пасля ўдзелу ў маршы недармаедаў


Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя А.А. Куляшова Канстанцін Бандарэнка паведаміў Алене Кісель (на фота), што яе афіцыйна адлічылі з ВНУ. Дзяўчыне да заканчэння ўніверсітэту заставалася каля 4 месяцаў, піша mspring.online.

«Я думаю, што ад мяне пазбавіліся па палітычных прычынах. Я ўдзельнічала ў акцыі пратэсту 15 сакавіка, за што мяне затрымалі і склалі пратакол за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. 16 сакавіка мне далі штраф 15 базавых велічынь. На наступны дзень пасля суду мяне выклікалі ў дэканат. Дэкан і куратар пачалі пытацца ў мяне, для чаго я хадзіла на гэтую акцыю, што я там рабіла. Пасля гэтага сказалі пісаць тлумачальную на імя рэктара, навошта я ўдзельнічала ў ёй. Я адмовілася, сказаўшы, што ў мяне ёсць права на выказванне свайго меркавання і я ім скарысталася. Пасля гэтага яны пачалі казаць мне пра мае пропускі і сказалі, каб я пісала тлумачальную па іх. Я гэта зрабіла», – кажа Алена Кісель.

Дзяўчына кажа, што прапускала вучобу таму, што дапамагала свайму сябру, яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі Канстанціну Чарнову. У хлопца зламаныя абедзве рукі, таму яму цяжка нават апрануцца.

«22 сакавіка мяне выклікалі на Савет прафілактыкі ўніверсітэту. Акрамя мяне раптам зацікавіліся яшчэ двума дзеўчынамі з маёй групы. Адной аб’явілі вымову. А мяне і яшчэ адну студэнтку аднагалосна вырашылі адлічыць», – распавядае студэнтка.

Алена Кісель вучылася на апошнім курсе на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства.

ЮВ, belsat.eu, паводле mspring.online

Стужка навінаў