Студэнт са сваёй ініцыятывы бясплатна агучыў па-беларуску назвы прыпынкаў у Слоніме


Зміцер Якубоўскі. Фота gs.by

З нядаўняга часу прыпынкі грамадскага транспарту ў Слоніме абʼяўляе голас студэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы ды карэспандэнта гарадскога тэлеканалу «ГорадняПлюс» Змітра Якубоўскага. Малады чалавек зрабіў гэта абсалютна бясплатна, з уласнай ініцыятывы.

«Гэтую ідэю я выношваў даўно, – распавядае Зміцер. – Калі ездзіў па Слоніме на аўтобусах, заўважыў, што абвяшчаюць прыпынкі розныя дыктары. Сядаеш у адзін аўтобус – кажа дзяўчына, у іншым абʼяву робіць мужчына на расейскай мове, сядаеш на наступны маршрут – кажа яшчэ адзін мужчына, ужо на беларускай мове і з некаторымі недакладнасцямі. Ад гэтага было крыху не па сабе.

Захацелася ўсё гэта зрабіць правільна і на беларускай мове, бо ў шмат якіх гарадах краіны ў грамадскім транспарце пасажыраў інфармуюць людзі з добра пастаўленым голасам па-беларуску. А яшчэ я гэта зрабіў дзеля малодшага брата, які ў гэтым годзе пайшоў у 1-ы клас. Ён дабіраецца да школы на аўтобусе, а праз тое, што я вучуся ў Горадні, удалечыні ад сямʼі, я вельмі хацеў, каб мой голас нагадваў яму пра мяне. Нібы я побач з ім».

Так Зміцер Якубоўскі са сваёй ідэяй агучкі прыпынкаў грамадскага транспарту прыйшоў да дырэктара аўтапарку № 3 Мікалая Скока. Той уважліва выслухаў і ўхваліў.

«Пасля гэтага я звярнуўся да выкладчыцы беларускай мовы СШ № 8 Ірыны Ганісеўскай, – распавядае Зміцер. – Яна дапамагла перакласці назвы ўсіх прыпынкаў Слоніму на беларускую мову. Мы абмеркавалі з Ірынай Пятроўнай правільнае вымаўленне».

А ў студыі гуказапісу СШ № 8 (гэта родная школа Змітра) на прафесійным узроўні быў зроблены запіс. У выніку голасам хлопца было агучана больш за 80 прыпынкаў – усе яны гучаць на беларускай мове.

Голас Змітра ў грамадскім транспарце ўжо пазнаюць ягоныя знаёмыя, блізкія людзі. Малады чалавек сказаў, яму вельмі прыемна ўсведамляць, што ён суправаджае свайго малодшага брата ў шляху ад дому да школы і назад.

«Шмат хто тэлефанаваў, пісаў у сацыяльных сетках пра тое, што чулі мяне ў аўтобусах, – кажа Зміцер. – Я задаволены праведзенай працай. Аднак няма мяжы дасканаласці. Я аналізую сваю працу і бачу свае хібы».

А неўзабаве ва ўніверсітэт, дзе вучыцца хлопец, прыйшло пісьмо з падзякай ад аўтапарку № 3 за подпісам дырэктара Мікалая Скока. Кіраўнік прадпрыемства ад сябе асабіста, а таксама ўсіх землякоў-слонімцаў выказаў словы падзякі актыўнаму студэнту.

МЯ, паводле gs.by

Глядзі таксама
Каментары