Сцяпан Свідзерскі распавёў, чаму страляў у Гдыні


Беларус, які жыве ў Польшчы, дзеліцца падрабязнасцямі здарэння ў гдыньскім офісе Thomson Reuters.

14 лістапада ў гдыньскім офісе міжнароднай кампаніі Thomson Reuters прагучалі стрэлы. Паліцыя, якая прыехала па выкліку, затрымала беларуса Сцяпана Свідзерскага. Акружная пракуратура Гданьску распачала следства паводле факту спробы забойства і патрабавала ў суда арыштаваць мужчыну на тры месяцы, але суд не задаволіў гэтую просьбу і адпусціў Сцяпана без аніякіх умоваў.

25 лістапада стралковы спартовы клуб «Ardea» апублікаваў заяву Сцяпана, у якой ён апісвае здарэнне.

Паводле мужчыны, дазвол на нашэнне зброі ён атрымаў увесну 2017-га, і пасля гэтага рэгулярна прыходзіў з ёй на працу – не хаваючы гэтага факту, але і асабліва не афішуючы яго.

«Зброю насіў згодна з законам: даўгаствольную – у футаралах, кароткаствольную – у футаралах або кабуры, якая прылягае да цела», – кажа Сцяпан.

14 лістапада Сцяпан прыйшоў на працу са спартовай вінтоўкай Suhl KK 150, якая ляжала ў футаралы, і пісталетам Glock 17 у кабуры.

Паводле Свідзерскага, ён ніколі не даставаў зброю, каб яе проста паказаць – не рабіў ён гэтага і ў той дзень.

«А 19-й увечары я хацеў пайсці ў краму каля працы. Згодна з законам і здаровым сэнсам, я ўвесь час трымаў зброю пры сабе. Здарэнне распачалося ў момант, калі я апранаўся, а зброю, якая знаходзілася ў футаралы, узяла ў рукі іншая асоба».

Свідзерскі падкрэслівае, што закон абавязвае яго пільнаваць зброю, а злачынствам лічыцца страта кантролю над ёй:

«Усе мае дзеянні падчас здарэння былі накіраваныя на тое, каб зброя не трапіла ў рукі асобы, якая ня мае права яе мець, і каб бяспечна завяршыць крызісную сітуацыю».

​Паводле беларуса, некалькі заўваг той асобе не прынеслі плёну:

«Чалавек са зброяй аддаляўся ад мяне і быў блізка да дзвярэй на калідор – паўстала рызыка, што ён знікне з майго поля зроку. Я быў вымушаны ўчыніць крокі, каб вярнуць кантроль над зброяй».

Свідзерскі піша, што ён першы папрасіў выклікаць паліцыю і спрабаваў гэта зрабіць самастойна, але яму гэта перашкодзілі зрабіць:

«Эскалацыя сітуацыі, якая потым адбылася, прымусіла мяне зрабіць папераджальныя стрэлы. Я рашуча заяўляю, што не меў мэты кагосьці параніць або нанесці шкоду. Стрэлы былі зробленыя мэтанакіравана ў такое месца і такім чынам, каб нікога не параніць нават выпадкова».

Беларус дадае, што быў вымушаны страляць, і дадае, што не мае ніякае віны – ён «проста абараняў сваю зброю».

«Я нікога не атакаваў, нікому не пагражаў, увесь час ад пачатку і да канца інцыдэнту прасіў выклікаць паліцыю», – кажа Сцяпан.

Спартовы клуб абяцае актыўна сачыць за развіццём падзеяў вакол здарэння, бо лічыць яго і магчымыя наступствы важнымі для стралковага асяроддзя.

ДД

Стужка навінаў