Страты, якіх «няма». У Сірыі забілі яшчэ аднаго расейца з «ЧВК Вагнэра»


Фота Reuters

У раёне горада Дэйр-эз-Зор загінуў 33-гадовы расеец Антон Дабрыгін, які ваяваў у складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэра».

Пра гэта паведамляе валанцёрская суполка Conflict Intelligence Team, якая займаецца вывучэннем адкрытых крыніцаў.

Паводле звестак з сацыяльных сетак загінулага, раней ён быў кадравым вайскоўцам Узброеных сіл РФ (старэйшым лейтэнантам), але звольніўся (ці быў звольнены камандаваннем). Мяркуецца, што гэта адбылося праз падазрэнне ў крадзяжы.

Як пішуць знаёмыя Дабрыгіна, той загінуў, «абараняючы службовую асобу».

На гэтым тыдні агенцтва Reuters паведаміла, што толькі за апошнія 9 месяцаў у Сірыі загінуў 131 расеец.

Мінабароны Расеі ніколі не прызнавала страты сярод наймітаў з групы «Вагнэра».

Нагадаем, «ЧВК Вагнэра» – незарэгістраваная ваенная арганізацыя пад кіраўніцтвам падпалкоўніка запаса Дзмітрыя Уткіна, ён жа «Вагнэр». Група брала ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе (на баку сепаратыстаў) і бярэ ў Сірыі (на баку ўрада Асада). Можа фінансавацца расейскім прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным. Ганарар за спецаперацыі ў байцоў складае тысячы долараў.

Сярод загінулых у Сірыі «вагнэраўцаў» ёсць і беларус – гамельчук Аляксей Ярашэвіч.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары