Страціў працу, бо крытыкаваў карупцыю ў БДУ. Цяпер змагаецца за праўду ў судзе


Звальненне. Такі кошт за праўду заплаціў дацэнт Рахметола Байтасаў. Яшчэ ў чэрвені ён распавёў пра карерную карупцыю ў вышэйшай школе, а сёння вымушаны праз суд дамагацца аднаўлення на працу.

Справу цяпер ужо былога выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту сёння разглядаюць у судзе Маскоўскага раёну сталіцы. Афіцыйнае абгрунтаванне скарачэння – а ім назвалі тое, што дацэнт не вытрымаў конкурсу выкладчыкаў ВНУ, – спадар Рахметола лічыць неправамерным.

«Мне адразу дэкан прапанаваў: давай па пагадненні бакоў. Я адмовіўся. Кажу, у мяне кантракт да красавіка 2017-га года. Пасля мне 29 чэрвеня патэлефанавалі і сказалі, што звальняюць. Першага мяне ўжо разлічылі», – распавядае Рамхметола Байтасаў.

Сапраўдная прычына звальнення, на думку дацэнта, – навуковы артыкул пра прасоўванне па карернай лесвіцы сваякоў у акадэмічных колах. Апошняю кропляю для яго напісання сталася прызначэнне на пасаду загадчыка кафедры інфармацыйных тэхналогіяў Уладзіміра Ніфагіна.

«Прызначылі чалавека, які працаваў асістэнтам кафедры артапедычнай стаматалогіі. Вы ўяўляеце, стаматолаг? І яго паставілі кіраваць эканамічнай кафедрай. Асістэнта, які па сваёй непасрэднай спецыяльнасці нічога не здолей дасягнуць», – кажа Рахметола Байтасаў.

Дамагчыся адказу, чаму некампетэнтны чалавек займае высокую пасаду, выкладчыкі спрабавалі і ў сценах БДУ, і праз скаргі ў суды, аднак плёну гэта не прынесла. Артыкул жа Рахметолы Байтасава выйшаў толькі ў расейскім часопісе. Беларускія выданні яго не друкавалі.

«Дзякую за ўвагу да нашага часопісу, але я мушу адмовіць Вам у публікацыі гэтага артыкулу. Яго не зацвердзіць у друк і савет рэдакцыі, я ўпэўненая, і Вы мусіце разумець, чаму. Сяргей Аляксандравіч (Абламейказаўв.) не толькі намеснік старшыні рэдсавету, але і добры сябра рэдакцыі», – так адказала дацэнту галоўная рэдактарка часопісу «Юстиция Беларуси» Вікторыя Анікеева.

Кумаўство, дысертацыі пад замову ды плагіят – праблема для айчынных універсітэтаў хаця і актуальная, але складаная для кантролю ды ўплыву, адзначае прафесар Уладзімір Дунаеў.

«У нас, на жаль, па сутнасці акадэмічная супольнасць бяспраўная. Яна не ўплывае ні на карерны рост, ні на стан этыкі ў супольнасці. Гэтае бяспраўе з’яўляецца сурёзнай перашкодай, каб палепшыць атмасферу», – адзначае Уладзімір Дунаеў.

Пакуль кіраўніцтва ўніверсітэтаў не зважае на праблему, змяняць сітуацыю наважваюцца адзінкі. Часам – коштам сваёй кар’еры. У жаданні дамагчыся праўды Рахметола Байтасаў настаўлены ісці да апошняга. Наступнае паседжанне адносна аднаўлення дацэнта на працу адбудзецца ўжо праз тыдзень.

Юлія Лабанава

Стужка навінаў