Stratfor: расце напружанасць вакол Беларусі і краінаў Балтыі


Вялікі балтыйскі рэгіён, які таксама ўключае і Беларусь, зʼяўляецца патэнцыйнай гарачай кропкай у супрацьстаянні Масквы і НАТО, адзначаецца ў аналітычным артыкуле кампаніі Stratfor, якая спецыялізуецца на геапалітычным прагназаванні. 

Няма прыкметаў, што гэтае супрацьстаянне колькі-небудзь хутка сыдзе на нішто, гаворыцца ў прагнозе кампаніі на 3 квартал 2017 году.

Больш за тое, абвастраюцца адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам у сувязі з вайной у Сірыі, Еўразвяз прагаласаваў за працягненне санкцый супраць Расеі ў сувязі з анексіяй Крыму і агрэсіяй на Данбасе. ЗША з гэтай жа прычыны пашырылі абмежаванні супраць расейцаў і расейскіх арганізацыяў, а ў Кангрэсе рыхтуецца дадатковы новы пакет санкцый супраць Масквы.

«Захад-2017»

Stratfor звяртае ўвагу на ўсё новыя сустрэчы авіяцыі Расеі і НАТО ў небе над нашым рэгіёнам, якія сталі больш частымі за апошнія некалькі тыдняў. Гэтак, напрыклад, 19 чэрвеня расейскі знішчальнік Су-27 падышоў на 1,5 м да амерыканскага разведвальнага самалёту RC-135.

На наступны дзень знішчальнік НАТО блізка падышоў да самалёту Мінабароны Расеі, у якім у якасці пасажыра сядзеў маскоўскі міністр абароны Сяргей Шойгу.

Відэа з самалёта Шойгу

Расце колькасць войск вакол нашай краіны – Масква рыхтуецца да сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017», якія пройдуць у Беларусі і ўздоўж усёй заходняй расейскай мяжы. Таксама НАТО на пастаяннай аснове размясціла міжнародныя кантынгенты ў Літве, Польшчы, Латвіі і Эстоніі.

Вучэнні «Захад», па меркаванні Stratfor, раней фактычна сімуліравалі атаку ў Польшчу і краіны Балтыі, а ў 2017 годзе могуць стаць самымі буйнымі па маштабе. Прадстаўнікі краін Балтыі таксама выказвалі занепакоенасць тым, што расейскі кантынгент, які прыйдзе ў Беларусь для вучэнняў, можа тут і застацца.

Па меркаванні беларускіх аналітыкаў, гэта малаверагодны сцэнар, бо Беларусь не мае тэрыторыі і гарадкоў для размяшчэння восенню тысяч расейскіх жаўнераў, а размяшчэнне іх без згоды Менску будзе азначаць агрэсію і вайну.

Беларусь таксама ўжо доўга супраціўляецца зʼяўленню расейскай вайсковай базы на сваёй тэрыторыі, аднак апошнім часам інтэнсіфікавала ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з усходнім суседам – плануе набыць знішчальнікі Су-30СМ, казала пра магчымасць набыцця ракетных комплексаў «Іскандэр».

Паліва ў вогнішча Данбасу

Яшчэ дзве патэнцыйна небяспечныя кропкі на ўсходняй мяжы сучаснай Еўропы – часова акупаваныя прарасейскімі баявікамі раёны Усходняй Украіны і Прыднястроўе.

Практычна кожны дзень на лініі размежавання на Данбасе адбываюцца перастрэлкі ці нават заўважныя баі паміж украінскімі войскамі і фарміраваннямі баевікоў.

Расейскія жаўнеры на Данбасе. Крыніца – www.bbc.com

«На самой справе інтэнсіўнасць баёў нядаўна вырасла і магчымыя новыя ўспышкі на фоне росту напружанасці паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі», – лічыць Stratfor.

Кампанія адзначае як негатовасць Масквы да кампрамісу, гэтак і зацікаўленасць Украіны ў павелічэнні ваенна-тэхнічнага падтрымання з Захаду. Аднак прагназуе, што ў бліжэйшы час абодва бакі наўрадці вырашыцца пачаць вялікія баявыя дзеянні.

Прыднястроўе ў атачэнні

Нікім не прызнаная «Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка» – хіба што першая ў шэрагу «народных рэспублік», якія былі створаныя за апошнія 25 год пры непасрэдным удзеле расейскіх Узброеных сіл і застаюцца існаваць пад афіцыйным ці нефармальным маскоўскім пратэктаратам.

Чырвонае – «Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка». wikipedia.org

Яшчэ ў 1991 годзе рэгіён, у якім не было малдаўскай большасці, адкалоўся ад Малдовы ў сувязі з меркаваным парушэннем правоў расейскамоўных. Адбыўся ўзброены канфлікт, які ў 1992 годзе скончыўся перамірʼем.

Аднак з гэтай вясны Украіна і Малдова арганізавалі сумесныя памежныя пункты на прыднястроўска-украінскай мяжы, што ставіць эканоміку ПМР пад фактычны кантроль Кішынэва. У фактычным акружэнні апынуліся таксама расейскія войскі – каля 1.200 чалавек, якія застаюцца ў Прыднястроўі.

Такім чынам нават без вялікіх вайсковых сутыкненняў ад Балтыйскага да Чорнага мора ўзнік пас з трох рэгіёнаў супрацьстаяння, свядомыя правакацыі ці выпадковыя інцыдэнты ў кожным з якіх могуць паўплываць на лёс усяго кантынента.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў