Stratfor: Расейская мова, як і Масква, будзе страчваць пазіцыі на постсавецкай прасторы


«Камбінацыя дэмаграфічных, культурных, палітычных і тэхналагічных зменаў у былых савецкіх дзяржавах будзе выпрабоўваць на трываласць здольнасць Расеі дэманстраваць сваю моц як на ўласнай тэрыторыі, гэтак і ў наваколлі», – адзначаецца ў аналітычным артыкуле кампаніі Stratfor, якая спецыялізуецца на геапалітычным прагназаванні.

Аўтары артыкула наўпрост звязваюць пытанне пашыранасці расейскай мовы і культурна-палітычнага ўплыву Масквы, чакаючы скарачэння колькасці расейскамоўных у Еўразіі і ўсё большай незадаволенасці насельніцтва краін экс-СССР карупцыяй і грубымі практыкамі паліцэйскай дзяржавы, з якімі цяпер асацыюецца Расея.

Расейская мова захоўвае статус lingua franca – міжнароднай мовы ў рэгіёне, гэтаксама як расейская сістэма ўлады, прасякнутая карупцыяй і аўтарытарызмам, застаецца мадэльнай для навакольных дзяржаў. Такім чынам Масква выкарыстоўвае для захавання кантролю над суседзямі спалучэнне культурных фактараў, эканамічнага, палітычнага і вайсковага ціску.

Фота tio.by

Аднак чым далей гісторыя насельніцтва Украіны, Беларусі і іншых краін адходзіць ад агульнай савецкай мінуўшчыны, тым больш разыходзяцца нацыянальныя культуры.

«Сярэдні ўзрост насельніцтва Расеі цяпер меншы за 40 гадоў – як і ў Украіне з Беларуссю – а гэта значыць, што сярэдні жыхар гэтых краін пражыў пад савецкім панаваннем менш за палову жыцця… Усяго праз пару дзесяцігоддзяў большасць людзей у Еўразіі не будуць памятаць СССР. Дэмаграфічныя змены трансфрамуюць былыя савецкія рэспублікі палітычна, эканамічна і культурна, стануць выклікам для ўплыву Расеі на гэтых тэрыторыях», – гаворыцца ў артыкуле.

Асабліва гэтыя перамены заўважныя ва Украіне, Грузіі. Часткай таго ж трэнду зʼяўляецца пераход з кірыліцы на лацінку ў Туркменістане, Узбекістане і Казахстане. Беларусь, дзе працягваецца савецкая моўная палітыка русіфікацыі, яўна зʼяўляецца выключэннем, аднак логіка гісторыі так ці інакш павядзе яе ў тым жа кірунку.

Змена стаўлення да дзяржавы

Аналітыкі Stratfor лічаць, што новыя пакаленні глядзяць на дзяржаўныя ўлады не так, як іхныя бацькі і дзяды, менш баяцца пераследу па палітычных матывах. Пры тым, што амаль усе краіны ў сферы ўплыву Расеі так ці інакш парушаюць правы сваіх грамадзянаў і абмяжоўваюць свабоду слова і збораў, у 2000-я гады сітуацыя пачала мяняцца – адбыліся рэвалюцыі ў Украіне, Грузіі, Кіргізіі.

Змаганне на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве зімой 2014 году. Фота wikimedia.org.

Змаганне на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве зімой 2014 году. Фота wikimedia.org.

Гэтыя пратэсты напалохалі мясцовыя эліты і паказалі, што людзі могуць паўстаць супраць карупцыі і аўтарытарызму савецкага стылю. Stratfor прыводзіць у прыклад дэманстрацыі ў Беларусі, якія адбыліся ўвесну.

«У лютым і сакавіку тысячы людзей у розных гарадах краіны выйшлі на вуліцы, каб паказаць незадаволенасць эканамічнай сітуацыяй у Беларусі і дзяржаўнай палітыкай. Маштаб і трываласць дэманстрацыяў некалькі год таму было немагчыма сабе ўявіць, улічваючы кантроль прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі над сілавікамі», – гаворыцца ў аналізе. Падобныя працэсы адбываюцца і ў Расеі.

Дзень Волі-2017. Фота belsat.eu

Галоўная аўдыторыя гэтых пратэстаў – 20-30-ці гадовыя, а інтэрнэт, які ўладам цяжка паставіць пад кантроль, грае вялікую ролю ў іх мабілізацыі і арганізацыі.

Дэмаграфія і будучыня

Дачыненні паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі ўладамі, якія прытрымліваюцца савецкіх традыцыяў кіравання, будуць усё больш напружанымі, лічаць у Stratfor. Дадаткова па ўплыву Расеі будзе біць дэмаграфічная сітуацыя ў гэтай краіне – ААН прагназуе, што да 2050 яе насельніцтва скараціцца да 129 мільёнаў з 143 мільёнаў.  Адначасова ў Расеі будзе падаць і адсотак насельніцтва славянскіх нацыянальнасцяў, што ўскладніць культурную і палітычную ідэнтычнасць краіны.

Маскве будзе ўсё цяжэй утрымліваць кантроль нават на ўласнай тэрыторыі.

«Хоць краіны будзе без сумневаў адаптавацца да некаторых культурных, сацыяльных і тэхналагічных пераменаў, дэмаграфічныя і лінгвістычныя змены будуць працаваць супраць Масквы незалежна ад той палітыкі, якую яна будзе праводзіць. Такім чынам, па меры павелічэння долі насельніцтва, якое не жыло ў СССР, будзе расці пагроза для пазіцыі Расеі як дамінуючай сілы ў рэгіёне», – адзначаюць аналітыкі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары