«Стратэгічныя партнёры»: Макей з Лаўровым абмяняліся ветлівасцю на супольнай сустрэчы


Перамовы кіраўнікоў беларускага і расейскага МЗС сёння прайшлі ў Маскве, дзе яны абмяркоўвалі шэраг надзённых пытанняў: двухбаковую супрацу, канфлікт ва Украіне, ЕўраАзЭс і перспектывы яго далейшага развіцця.

У адносінах паміж Масквой і Менскам назіраецца значны патэнцыял у розных сферах, адзначыў Сяргей Лаўроў.

«Мы захоўваем хаўрусныя адносіны, якія пастаянна забяспечваюцца дыялогам на вышэйшым узроўні. У нас адзіная пазіцыя па Украіне: ключ да ўрэгулявання крызісу – поўнае ўсебаковае выкананне комплексу захадаў Менскіх пагадненняў, прынятых сёлета 12 лютага, і якія маюць забяспечыць безальтэрнатыўнасць наўпроставага дыялогу Кіева з Данецкам ды Луганскам. Дзякуй беларускім сябрам за ўсебаковую дапамогу ў працы кантактнай групы».

Ад падзяк расейскага калегі не заставаўся ў баку і Уладзімір Макей.

«Я вельмі цаню тую даверлівую атмасферу, якае пануе падчас кожнага нашага кантакту. У нас няма забароненых для абмеркавання тэмаў. Мы абмеркавалі ініцыятыву развіцця Усходняга партнёрства. Беларусь выступала, выступае і будзе выступаць супраць спробаў прыдаць канфрантацыйны характар гэтай ініцыятыве нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы таксама абмеркавалі канфлікт ва Украіне і сапраўды лічым Менскія дамоўленасці адзіным дзейным механізмам для ўрэгулявання сітуацыі. Мы і надалей збіраемся дзейнічаць у такім канструктыўным, шчырым рэчышчы, сыходзячы з нашых хаўрусных абавязкаў».

Таксама паводле Макея, Беларусь задаволеная з супрацы са сваймі партнёрамі па Еўразійскаму Эканамічнаму Саюзу.

«Што датычыць міжнароднага пазіцыявання ЕўразАзЭс, мы павінны дзейнічаць больш актыўна. Мы лічым, што перспектыва стварэння адзінай эканамічнай прасторы ад Уладзівастоку да Лісабону актуальная, але немагчыма штучна прыспяшаць падзеі. Мы гатовыя працаваць над гэтай ідэяй».

Наступнае сумеснае паседжанне Лаўрова і Макея запланавана на кастрычнік і пройдзе ў Маскве.

На саміце Ўсходняга партнёрства, што адбываўся ў Рызе 21-22 траўня, Беларусь адмовілася прызнаць анексію Крыму падчас узгаднення фінальнай дэкларацыі.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары