Strana.ua апублікавала «растрэльны спіс» украінскіх журналістаў і блогераў


Украінскае выданне Strana.ua атрымала ад сваёй крыніцы ў Службе бяспекі Украіны спіс журналістаў і блогераў, якім «пагражае смерць ад рук кілера».

Паводле крыніцы выдання, гэты спіс падазраваны ў арганізацыі замаху на расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі Барыс Герман атрымаў ад Вячаслава Піваварніка. Герман абвінавачвае яго ў фінансаванні тэрарызму на тэрыторыі Украіны на грошы «фонду Пуціна».

Выданне thebell.io адзначае ў сваім расследаванні, што Піваварнік быў гендырэктарам ТАА «Рускон-Украина» (кампаніяй валодае фірма NRV TRADE SERVICES LTD., дырэктарам якой пазначаны Барыс Герман). «Рускон-Украина» – сумеснае украінска-расейскае прадпрыемства з аператарам кантэйнерных перавозак «Рускон» (належыць расейскаму экс-дэпутату Сяргею Шышкарову).

Барыс Герман сцвярджае, што ўдзельнічаў у спецаперацыі контрвыведкі СБУ па выяўленню сеткі расейскіх агентаў ва Украіне, якія рыхтавалі серыю забойстваў, але з невядомых яму прычынаў быў затрыманы іншым падраздзяленнем СБУ.

Са слоў адваката Барыса Германа ягоны падабаронны з’яўляецца выканаўчым дырэктарам украінска-нямецкага сумеснага прадпрыемства «Шмайсер» (адзінае прыватнае прадпрыемства ва Украіне па вытворчасці зброі).

Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка кажа, што Герман не супрацоўнічаў з СБУ.

Нагадаем, што 30 траўня на брыфінг Службы бяспекі Украіны ў Кіеве прыйшоў Аркадзь Бабчанка, якога нібыта забілі 29 траўня. На брыфінгу стала вядома, што забойства журналіста было інсцэнізацыяй спецслужбаў.

«Для рэалізацыі замаху спецслужбы Расеі завербавалі грамадзяніна Украіны Г. [Барыс Герман. – Заўв. Belsat.eu], які павінен быў знайсці выканаўцаў. Г. прапанаваў знаёмаму, былому ўдзельніку АТО, забіць Бабчанку за $ 30 000. У якасці авансу яму перадалі $ 15 000. Усяго Г. атрымаў ад спецслужбаў Расеі $ 40 000. $ 10 000 ён пакінуў сабе за выкананне ролі пасярэдніка», – паведаміў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак падчас брыфінгу 30 траўня.

Падчас брыфінгу таксама паведамілі пра існаванне спісу каля 30 асобаў, якіх планавалі забіць «куратары» Барыса Германа.

СБУ даведалася пра планаванне замаху на Бабчанку ад былога ўдзельніка АТО («Правы сектар»), снайпера Аляксея Цымбалюка (праходзіць па справе Бабчанкі ў якасці сведкі). Па звестках СБУ ён атрымаў грошы ад Барыса Германа. Ва ўкраінскіх мдыях Цымбалюка называюць «агентам СБУ» і неанацыстам.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў