«Страляніна, выбухі, без перапынку артабстрэлы» – карэспандэнт «Белсату» на Данбасе пра першы дзень замірэння


Журналіст belsat.eu, які цяпер знаходзіцца ў ваколіцах Марыупалю, паведамляе, што баявыя дзеянні працягваюцца. «Замірэннем нават і не пахне. На лініі фронту – пастаянная кананада. Валанцёры пад абстрэламі эвакуююць з прыгарадаў Марыупалю мясцовых жыхароў», – гаворыць Юрась Высоцкі.

«Мы цяпер знаходзімся на ўчастку, які ўтрымлівае батальён «Азоў». Жаўнеры не вераць у замірэнне, таму што на свае вочы бачаць і рэгулярна падвяргаюцца артабстрэлам. Падобна, што такая сітуацыя – па ўсім фронце. Ёсць звесткі пра абстрэлы ў раёне Валнавахі, ля Аўдзееўкі пад Данецкам, імаверна, двое жаўнераў загінулі і яшчэ шасцёра параненыя», – распавёў наш журналіст.

Узаемныя абвінавачванні

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

І Кіеў, і баевікі ўзаемна вінавацяць адзін аднаго ў абстрэлах.

«Мы гатовыя з гэтага моманту спыніць агонь у бок праціўніка. Але калі праціўнік будзе страляць у бок нашых пазіцыяў, па гарадской тэрыторыі любога паселішча і знішчаць інфраструктуру, мы маўчаць не будзем. Мы маем права адкрываць агонь у адказ. Калі ўкраінскі бок усё ж выканае абавязкі і спыніць агонь, мы гарантуем, што з боку ДНР страляніны ў бок праціўніка не будзе», – заявіў журналістам Эдуард Басурын, прадстаўнік «Міністэрства абароны ДНР». Баевікі вінавацяць украінскі бок у асбтрэле Данецку ў суботу, праз які загінулі 12 цывільных асобаў.

Кіеў, у сваю чаргу, зняпраўджвае гэтыя звесткі ды заяўляе, што ўкраінскія вайскоўцы не абстрэльваюць паселішчаў, нават занятых баевікамі.

Хісткае замірэнне

Калі пад Марыупалем страляніна працягваецца, то ў Данецку прынамсі ў першую палову дня было адносна спакойна. Мясцовыя жыхары гавораць, што кананада сціхла ўначы, ды спадзяюцца, што замірэнне ўтрымаецца.

Паводле інфармацыі афіцыйнага Кіева з моманту ўступлення ў моц замірэння пазіцыі вайскоўцаў былі абстраляныя прынамсі 10 разоў.

«Нягледзячы на Менскія дамоўленасці, тэрарысты працягваюць правакаваць сілы АТА. Станам на 8 раніцы тэрарысты некалькі разоў абстрэльвалі з мінамётаў базавыя лагеры нашых войскаў на Дэбальцаўскім кірунку. Таксама пад прыкрыццём танкаў і БМП баевікі спрабуюць штурмаваць пазіцыі АТА ля паселішча Чарнухіна», – паведамляе прэс-служба АТА.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў