Страх без нянавісці ў Гюмры


Як жыве другі па велічыні армянскі горад пасля забойства мясцовай сям’і расейскім жаўнерам – у рэпартажы карэспандэнта Belsat.eu Дзяніса Дзюбы.

12 студзеня ў паўночнаармянскім Гюмры была забітая сям’я Авэцісянаў – шэсць асобаў. Сёмая – немаўля – трапіла ў цяжкім стане ў рэанімацыю. У здзяйсненні забойства ўжо прызнаўся Валерый Пермякоў, салдат расейскай базы, што дыслакуецца тут. Пасля пахавання 15 студзеня ў Гюмры адбыліся масавыя выступленні жыхароў і сутычкі з паліцыяй. Гюмрыйцы патрабуюць выдачы злачынцы армянскаму правасуддзю – Пермякоў знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай базы.

У самалёце сяджу паміж Асяй, што пасля развалу СССР кінула выкладаць фартэпіяна, пераехала ў Маскву і адчыніла сваю кавярню, і Гамлетам, што вядзе цукеркавы бізнес у армянскай сталіцы. Яна – у курсе апошніх падзей, ён – пра забойства чуў, хоць у камандзіроўцы не сачыў за навінамі. Абодва ў шоку, але не бачаць у расейскіх базах нічога кепскага ці добрага: «Мы – маленькая краіна, мець такога апекуна – наш лёс».

Чые базы, натаўскія альбо расейскія, будуць тут стаяць – нам усе роўна. Галоўнае, каб нехта гарантаваў нашую бяспеку, – кажуць мне прадаўцы на гюмрыйскім кірмашы, адзіным месцы, што працуе раннім суботнім ранкам. 102-ая расейская вайсковая база стаіць тут паводле міждзяржаўных дамоваў 1992 года і 1995 гадоў. Падчас візіту Дзмітрыя Мядзведзева ў Арменію ў 2010 годзе тэрмін яе знаходжання тут быў працягнуты да 2049 года.

Адчыняюцца газетныя шапікі, падыходжу зірнуць на першыя палосы. Усё па-армянску, і я пытаюся прадаўца пра што сёння пішуць.

– У нас усё нармальна.

– Скажыце, калі ласка…

– Няма ніякіх міжнацыянальных канфліктаў, усё спакойна.

– А патрабаванні выдаць забойцу?

– Паймалі скаціну. Цяпер усё ў парадку.

– А людзі, што выйшлі…

– Выйшлі і выйшлі, але цяпер усё ціха.

Дзясяткі жыхароў Гюмры, з якімі заводжу размову, кажуць, што заўсёды бачылі ў расейскім жаўнеры абаронцу, і ўсе як адзін просяць не змешваць гэтае забойства з палітыкай. Ва ўрода няма нацыянальнасці, – рэфрэнам чую на кожным кроку.

Праходжу побач з групай маладых хлопцаў на плошчы перад Драматычным тэатрам Гюмры. Ты рускі? – пытаецца адзін. Не, я з… – не паспяваю скончыць. Мы вельмі любім рускіх! – пачынаюць хорам, – няма ў нас ніякай варажнечы, і не будзе. Потым указваюць на маю камеру: «Мы ведаем навошта ты прыехаў!»

Кажу сваім рэспандэнтам, што прыехаў з краіны, людзі якой занепакоеныя гэтым здарэннем, бо таксама маюць побач расейскія базы. Гюмрыйцы адказваюць, што справа не ў расейцах, а канкрэтна ў Валерыю Пермякову, якога называюць зверам.

Гамлет, што працуе на рынку, лічыць, што сям’я стала ахвярай, бо напэўна была сведкам чагосьці. Здзіўляе толькі чаму забілі малых: двухгадовае дзіця не змагло б сведчыць супраць анікога, не кажучы пра шасцімесячнае.

Тое, што забойца і ахвяры былі знаёмыя, лічыць таксама мінак Рубэн: «Яны маглі пазнаёміцца не тут, а калісьці раней». Пытаюся, як ён адрэагуе, калі Расея будзе прытрымлівацца ўласнае Канстытуцыі і будзе судзіць Пермякова на сваёй тэрыторыі. «Гэтаму не бываць, бо злачынства было здзейсненае тут. Мы гэтага так не пакінем – у нас таксама ёсць свае законы, і мы – незалежная краіна».

Валерый Пермякоў, прызваны на службу з Чыцінскай вобласці, ужо прызнаўся ў забойстве сям’і Авецісянаў. Армянская адвакатка, што мела бараніць жаўнера, не вытрымала пасля першага допыту і ягоным аповедзе як ён калоў дзяцей штыкам. Цяпер Пермякоў знаходзіцца на гаўптвахце 102-ой базы.

Ягоная асоба бударажыць свядомасць гюмрыйцаў. На кірмашы і ў кавярнях са мной дзеляцца чуткамі, што Пермякоў прасіўся служыць менавіта ў Гюмры. Салдата лічаць завербаванымі турэцкімі спецслужбамі, а забойства разглядаюць як заданне.

Некаторыя чыталі ў інтэрнэце пра псіхічныя адхіленні Пермякова, але прадавец хлеба Роберт ня верыць версіі пра «невменяемость» абвінавачанага: «Хто возьме псіха ў армію і тым больш даверыць яму зброю?» На пытанне пра нейкія іншыя праблемы з базай прыгадвае выпадак 1999 года, калі двое жаўнераў уварваліся на мясцовы кірмаш і адкрылі агонь па людзях. Тады загінула пяць чалавек. Армяне праглынулі гэта, спісаўшы ўсё на алкаголь: салдаты былі нападпітку. Нехта кажа, што яны так помсцілі армянам за дзедаўшчыну. Раней на базе было больш армянаў, і армянскія дзембелі здзекаваліся над расейцамі – вось тыя і не вытрымалі.

Пра некарэктныя паводзіны армянаў у дачыненні да расейскіх жаўнераў кажа і мой суразмоўца Арман. Мужчына дванаццаць гадоў таму служыў у расейскім войску, у Армавірскім атрадзе: «Многім маім суайчыннікам бракавала выхавання».

«Вінаватых у забойстве на гюмрыйскім кірмашу судзілі тут, – прыгадваюць мужчыны на вуліцы», – але потым выслалі ў Расею.

Вагэн, мінак, якога зачапляю на вуліцы, не памятае таго выпадку: «Мы шмат гадоў жывем разам з гэтай базай, і ніякіх канфліктаў у нас ніколі не было. Цяпер нас хвалюе толькі аб’ектыўнае расследаванне ды гарантыя таго, што падонак будзе несці пакаранне тут. Таксама я не вельмі веру, што ён зрабіў гэта сам. Хутчэй за ўсё яму дапамаглі. Падазрона выглядае тое, што ўсе былі забітыя ў сваіх ложках. Пасля першага стрэлу яны прачнуліся б».

«Расейцы дапамагаюць сцерагчы 280 км нашай мяжы з Турцыяй таму, што мы самі не далі б рады: вялікая дыспрапорцыя сілаў. Туркаў – семдзесят мільёнаў, нас – тры. Без расейскай аховы нас знішчылі б за дзень, – кажа прэзідэнт недзяржаўнай арганізацыі «Разам» Левон Мгламян, – мы ў атачэнні мусульманскіх краёў, нам неабходны апякун. Будзе гэта Расея, Амерыка альбо Кітай – нам не важна. Асабіста я быў бы задаволены, каб тут стацыянаваў французскі Замежны легіён альбо амерыканцы: іхныя заробкі ў дзесяць разоў большыя за заробкі расейскіх кантрактнікаў, і яны б выходзілі б у горад, пакідаючы гэтыя грошы ў нашых крамах і рэстаранах.

Фінансавы аспект расейскай базы – казытлівая тэма: Расея не плаціць Арменіі ні капейкі за знаходжанне на ейнай зямлі. Больш таго, – заўважае Левон, – армянскі бок атрымоўвае расейцаў за свой кошт, аплочваючы іх камунальныя. Мы – носьбіты рабскай псіхалогіі. Кітайцы, напрыклад, гатовыя плаціць мільёны за сваю базу тут.

Мая наступная суразмоўца, мясцовая псіхолаг Сатэнік, прычыны выхаду тысячы людзей да расейскага консульства 15 студзеня бачыць у жаданні людзей ведаць сапраўдныя матывы злачынства і асуджэння злачынцы тут, у Арменіі: «Усе яны хацелі б дамагчыся правасуддзя, каб не баяцца жыць у гэтым горадзе далей».

Страх, на думку некаторых, ужо апанаваў Гюмры: некаторыя кажуць, што на вуліцах значна паменела народу, а брамы на падворкі цяпер шчыльна зачыняюцца на ноч, чаго ніколі не здаралася раней. Гюмры, у адрозненні ад Ерэвана – адкрыты горад, – кажуць мне мясцовыя жыхары.

Людзей, сапраўды, не шмат, але калі я прыходжу паглядзець на нядзельную імшу ў царкву Святой Багародзіцы, дзе некалькі дзён таму адпявалі забітых, там, здаецца, сабраўся ўвесь горад. Я заплюшчваю вочы, каб паслухаць арган, і адчуваю вібрацыю тэлефона Левона.

Ён радасны чакае мяне звонку: у ягонага сябры сёння нараджаецца сын — жонку толькі што забралі ў радзільню. Ты пабачыш у Гюмры не толькі смерць, але і новае жыццё, — выглядае задаволеным мой новы знаёмы.

У раённым радзільні ўсё прадублявана не на расейскую, а на ангельскую: яго збудавалі аўстралійцы пасля спітакскага землятрусу 1988 года. Роды ўсё не пачынаюцца, і мы з будучым бацькам едзем дадому. Насамрэч бацька — ніякі не будучы: дома чакае двухгадовы сын. Мы п’ем каву і нервова чакаем тэлефанавання са шпіталя.

«У перыяд з 3 студзеня азербайджанцы парушылі дамову пра спыненне агню ў Нагорна-Карабахскай рэспубліцы трыста разоў». Ідзе тэлевізар, і мне перакладаюць сюжэты. Тэмы дзве: абстрэлы азербайджанцамі армянскіх дамоў і жыццё шасцімесячнага Авэцісяна. Маіх суразмоўцаў абурае заява былога кіраўніка Гюмры пра жаданне ўсынавіць Сярожу. Заява мэра папулісцкая: сёння кожная армянская сям’я гатовая ўсынавіць хлопца, — кажуць мне. Па тэлевізары паведамляюць пра тэлефонную размову Пуціна з Сержам Саргсянам і гатоўнасць расейскага прэзідэнта выслаць уласны самалёт па дзіцё, каб лячыць яго ў Маскве. Рэакцыя Пуціна сведчыць пра тое, што Расея спужалася. І што яны паважаюць нас, — уважае Левон. Жыццё малога вісіць на валаску – шасцімесячнае дзіця з пяццю нажавымі ранамі ўсю ноч праляжала ў лужыне крыві.

Мы едзем у радзільню без аніякага запрашэння, бо малады бацька не вытрымлівае напружання. Праз гадзіну чакання пад вокнамі звініць тэлефон. У фае шпіталя мужчыну сціскаюць у абдымках сваякі. Найбольш шчасліва выглядае дзед, які ледзь не танчыць. Я самы багаты чалавек на зямлі, — увесь час паўтарае ён.

Мы едзем у супермаркет па прадукты — сёння будзе стол, у каўказскім сэнсе гэтага слова. Але пакуль вяртаемся дамоў, становіцца зусім позна, і яго замяняюць урачыстай вячэрай для сваіх. Мяне саджаюць на самае пачэснае месца. Спачатку адчуваю сябе няўтульна з-за празмернай увагі да сябе і тостаў у мой гонар, але калі ўсе келіхі пачынаюць падымацца «за дзяцей», становіцца лёгка. «Стол» пераносяць на заўтра, мяне запрашаюць.

Замест стала з шашлыком заўтра я буду спрабаваць патрапіць да сталоў мэра і расейскага консула. Афіцыйныя асобы гораду ўслед за камандаваннем вайсковае базы перасталі кантактаваць з прэсай. У мэрыі спасылаюцца на вялікую занятасць, у консульстве – спачатку на абед консула, потым перастаюць проста браць слухаўку, а армянская ахова дыпламатычнай пляцоўкі кажа, што консул нікога не прымае.

Нарэшце, трапляю да Ліліт Макар’ян, прэс-сакратаркі Самвэла Баласаняна, мэра Гюмры. Маладая жанчына ахвотна ідзе на размову і кажа, што «ведае пазіцыю мэра па апошніх пытаннях, і паспрабуе яе данесці». Яна транслюе меркаванні, што я неаднакроць чуў на вуліцах: «Расейская база — частка нашага гораду. Прысутнасць тут расейскага жаўнера мае векавую гісторыю. Злачынства не павінна паўплываць на стасункі двух народаў. Пазіцыя мэрыі — зніжэнне напружанасці ў грамадстве, недапушчэнне правакацыяў на гэтай глебе і цвёрдае патрабаванне ад расейскага боку выдаць падазраванага армянскаму правасуддзю».

Арменія, што ўступіла днямі ў Еўраазіяцкі эканамічны саюз, вымушаная любіць Расею, бо з-за закрытых межаў з двума суседнімі дзяржавамі краіна апынулася фактычна ў стане эканамічнай блакады. Але прыязныя пачуцці армянаў да свайго магутнага суседа на побытавым узроўні выглядаюць вельмі шчыра: у мусульманскім рэгіёне не застаецца нічога як трымацца разам з братамі па хрысціянскай веры.

Новае выпрабаванне чакае ўлады заўтра. Нягледзячы на высілкі найлепшых армянскіх дактароў дзіця ўчора памерла ў ерэванскім шпіталі. Пахаванне прызначана на 21 студзеня.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў