«Страчаныя 200 гадоў працы». Згарэў Нацыянальны музей Бразіліі


Пажарныя спрабуюць патушыць пажар у Нацыянальным музеі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра. 2 верасня 2018 года. Фота – Ricardo Moraes / Reuters / Forum

У Рыо-дэ-Жанейра згарэў Нацыянальны музей Бразіліі, у якім захоўвалася каля 20 мільёнаў каштоўных экспанатаў. Агонь знішчыў значную частку калекцыі.

Пажар пачаўся ўвечары 2 верасня пасля закрыцця музею. Пажарнікам удалося ўзяць агонь пад кантроль толькі апаўночы. Паводле бразільскіх медыяў, прычына ўзгарання няясная. Таксама няма інфармацыі аб пацярпелых.

Як заявілі прадстаўнікі пажарнага дэпартамента Бразіліі, супрацоўнікам музею ўдалося вынесці некаторыя экспанаты з той часткі будынку, якая не была ахопленая агнём.

Музей заснаваў кароль Партугаліі Жуан II у 1818 годзе. Тут знаходзіліся каштоўныя экспанаты, у тым ліку самы старажытны шкілет, знойдзены ў Паўднёвай Амерыцы, косткі дыназаўраў, егіпецкія і індзейскія артэфакты.

Прэзідэнт Бразіліі Мішэл Тэмір заявіў, што шкоду, прычыненую музею, немагчыма ацаніць.

«Страчаныя 200 гадоў працы, даследаванняў і ведаў», – напісаў Тэмір у «Тўітэры».

Паводле BBC, супрацоўнікі музею неаднаразова скардзіліся на састарэласць будынку і скарачэнне фінансавання.

«Гэта быў музей, праблемы якога доўгі час ігнараваліся», – піша выданне.

ДД

Стужка навінаў