«Стой, страляюць!»: вайскоўцы папярэджваюць барысаўчан не хадзіць на мясцовы палігон


На аўтобусных прыпынках гораду зʼявіліся абвесткі з інфармацыяй пра тое, што на тэрыторыі 227-га агульнавайсковага палігона «Барысаўскі» праходзяць вучэнні «Захад-2017» і забароненая для ўваходу.

Палігон і да вучэнняў быў забароненай зонай, але сюды мясцовыя жыхары ходзяць збіраюць грыбы ды ягады, ладзяць імпрэзы з шашлыкамі, гарэлкай і півам.

Да таго ж тэрыторыя палігона не мае агароджы. Ад гораду яго аддзяляе так званая «генеральская» або акруговая дарога, якая цягам некалькіх кіламетраў называецца вуліцай Брылеўскай, піша ex-press.by.

На адным баку стаяць новыя шматпавярховыя дамы, а на другім праводзяць заняткі танкісты і мотастралкі.

Паміж жылым кварталам і палігонам ёсць некалькі нерэгулюемых пешаходных пераходаў, пазначаных разметкай і адпаведнымі дарожнымі знакамі, якія могуць увесці ў зман чалавека, які трапіў туды ўпершыню.

1 верасня на гэтым палігоне затрымалі праваабаронцу Наталлю Гарачку. Яна прыехала адведаць сына, які праходзіць тэрміновую службу і ўдзельнічае ў вучэннях «Захад-2017». Жанчыну абвінавацілі, быццам яна лаялася матам, і асудзілі на трое содняў арышту. Паводле актывісткі, яе затрымалі расейскія вайскоўцы і перадалі беларускім.

У эфіры «Белсату» яна паведаміла, што размаўляла з расейскімі вайскоўцамі, якія прызналіся ёй, што яны ваявалі ва Украіне.

«Яны мне сказалі, што вучэнні ўжо пачаліся», – распавяла Гарачка.

 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў