«Стаяла побач і кіўкамі галавы схіляла да размовы». У чым вінавацяць журналістаў


Незалежныя журналісты ізноў «пад прыцэлам».

Незалежны журналіст? Атрымайце штраф! Падставай можа быць што заўгодна. У пастанове Рагачоўскага суда прыводзяцца словы сведкі. Паводле яго, гомельская журналістка Наталля Крывашэй падчас інтэрв’ю стаяла побач і кіўкамі галавы падтрымлівала яго, то бок схіляла да размовы. Суд не меў сумневаў, што гэтага дастаткова для правапарушэння і прысуду штрафу памерам у 35 базавых велічыняў. Па гэтай жа справе аналагічным штрафам пакаралі Кастуся Жукоўскага.

«Гэта сведчыць пра тое, што няма ўжо што ім прыпісаць, толькі выдумаць. Як раней пісалі, што ты працаваў на польскую ці японскую выведку – расстрэл. То цяпер проста пішуць тыя самыя беспадстаўныя абвінавачанні, толькі даюць вялізныя штрафы», – кажа Кастусь Жукоўскі.

Абодвух журналістаў суд пакараў паводле артыкулу аб працы без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі. Пры гэтым не беручы пад увагу тое, што паводле заканадаўства, адказнасць ляжыць на рэдакцыі і распаўсюдніках СМІ, а не на канкрэтным журналісце.

«Акрамя гэтага, мы ўсе ведаем, што збіраць ды распаўсюджваць інфармацыю – гэта права, кожнаму гарантаванае Канстытуцыяй. І канешне, нельга пераследаваць грамадзянаў у адміністрацыйным парадку», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Да незалежных журналістаў дзяржаўныя органы шукаюць і іншыя падыходы. Гэтак для Змітра Лупача з Глыбокага візіт у падатковую завяршыўся размовай з працаўнікамі КДБ і спробай вярбоўкі.

«І таксама папярэджвалі, што я магу быць асуджаны паводле артыкулу «дыскрэдытацыя Беларусі», што я, паводле іх словаў, у літоўскія і польскія СМІ даю непрывабны малюнак Беларусі», – адзначае Зміцер Лупач.

Узмацненне ціску на журналістаў ставіць пад сумнеў свабоду асвятлення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, лічаць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Сапраўдных выбараў у краіне няма, а палітычныя рэпрэсіі, звязаныя з перадвыбарчым календаром, вельмі рэальныя. І яны ўзмацняюцца ад выбараў да выбараў. І гэта перад усім ціск на журналісцкую і праваабарончую супольнасць», – заўважае намеснік старшыні ГА «БАЖ» Міхась Янчук.

Прычым у выпадку журналістаў, суды абіраюць фактычна неабмежаванае права караць рублём. Сёлета ад журналістаў-фрылансераў дзяржава гэткім чынам спагнала штрафаў больш як на 110 млн рублёў. Большасць пакараных – за матэрыялы, якія з’яўляліся ў эфіры нашага каналу.

Вольга Кляўчэня

Стужка навінаў